19 траўня 2024, Нядзеля, 11:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЕЗ рыхтуе санкцыі супраць «расейскага SWIFT»

2
ЕЗ рыхтуе санкцыі супраць «расейскага SWIFT»

Абмежаванні закрануць і рэжым Лукашэнкі.

Еўразвяз разглядае магчымасць пашырэння фінансавых санкцый супраць Расеі і ўключэння ў «чорныя спісы» айчыннага аналага SWIFT - Сістэмы перадачы фінансавых паведамленняў (СПФП) Банка Расеі.

Як паведамляе Bloomberg са спасылкай на знаёмыя з сітуацыяй крыніцы, санкцыі супраць СПФП могуць быць уключаныя ў 14-ы пакет захадаў за ўварванне ва Украіну.

Са слоў суразмоўцаў агенцтва, адпаведныя прапановы Еўракамісія накіравала краінам - сябрам ЕЗ. Акрамя таго, плануюцца санкцыі супраць транспартных кампаній, якія належаць расейскім структурам больш як на 25%, а таксама дадатковыя захады наконт Беларусі, Кітая, ААЭ і Турцыі за падтрымку Масквы.

СПФП Банка Расеі, якая была закліканая забяспечыць бесперабойнасць выплат у выпадку адключэння SWIFT, пачалі ствараць у 2014 годзе пасля анэксіі Крыма і развалу стасункаў з Захадам. Сістэма пачала працаваць у 2016 годзе, а праз два гады прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў закон, які дазваляе падключаць да яе замежных удзельнікаў.

У 2019 годзе расейскае Мінфінансаў абвясціла аб дамоўленасцях, якія датычацца супрацоўніцтва ў рамках СФПП з кітайскімі і турэцкімі банкамі. З Турцыяй быў падпісаны мемарандум аб выплатах у нацвалютах, які ўключаў выкарыстанне карткі «Мір» і падключэнне банкаў Турцыі да «расейскага SWIFT». Зрэшты, на красавік 2021 года ад КНР і Турцыі да сістэмы падключыліся толькі па адным банку - расейская «дачка» Bank of China і АТ «Ішбанк».

Пасля пачатку вайны з Украінай ЦБ засакрэціў поўны пералік удзельнікаў СПФП. У студзені першы намеснік старшыні рэгулятара Дзмітрый Чысцюхін паведаміў, што да сістэмы падключаныя 559 банкаў, у тым ліку 159 замежных з 20 краін.

У лютым ЗША ўвялі санкцыі супраць Нацыянальнай сістэмы аплатных картак – 100% «дачкі» ЦБ РФ, адказнай за абслугоўванне і эмісію картак «Мір». Неўзабаве ад працы з ёй адмовілася большасць банкаў Арменіі, Кыргызстана і Казахстана.

У канцы сакавіка мабільнае прыкладанне (АС) Mir Pay было выдаленае з крамы Android Google Play. Тады ж Samsung паведаміла, што з 3 красавіка карыстальнікі не змогуць выкарыстоўваць і дадаваць карткі «Мір» у Samsung Pay, а кітайская аплатная сістэма UnionPay заблакавала працу кабэйджынгавай карткі «МІР-UnionPay» за межамі РФ. Следам ад «Міру» могуць адмовіцца банкі Таджыкістана і Беларусі, распавядала «Коммерсанту» крыніца на банкаўскім рынку.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках