19 траўня 2024, Нядзеля, 17:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На травеньскія святы расейцы масава рванулі ў Беларусь

56
На травеньскія святы расейцы масава рванулі ў Беларусь

Вось што яны пішуць у сацсетках пра нашу краіну.

Беларусь – адзін з самых папулярных кірункаў сярод расейцаў. Традыцыйна шмат турыстаў з гэтай краіны прыязджае да нас на травеньскія святы. Сёлета ў Расеі яны доўжацца восем дзён – з 28 красавіка да 1 траўня і з 9 да 12 траўня. «Люстэрка» паглядзела, якія маршруты выбіраюць расейцы і што пішуць пра падарожжа.

Калі паглядзець фота з Instagram, што посцяць расейскія турысты, якія ўжо паспелі пабываць у Беларусі на вясновых вакацыях, то можна сказаць, што многія з іх для наведвання выбіраюць Менск, абласныя цэнтры, а таксама Нясвіжскі замак і Берасцейскую крэпасць.

– Менск – адчуванні – 10/5. Вельмі смачна ўсюды, адкрытыя людзі, чысціня, прыгожы горад, – напісала турыстка Марыя. – Паводле коштаў «плюс-мінус» як Піцер або Казань, але мы, шчыра кажучы, эканоміць не спрабавалі. Былі два дні. Шкадую, што не сем.

У спісе месцаў, якія яна рэкамендуе наведаць у Менску сваім падпісчыкам, – гатэль «Менск», установы The ODI, «Васількі», Pinky Bandinsky і «Яркальян-бар».

Расеец Мікіта расказвае, што за шэсць дзён туру па Беларусі яны з сябрамі паспелі пабываць у трох гарадах і «мностве крутых і самых разнастайных месцаў». Сярод іх – Мірскі і Нясвіжскі замкі.

– Гісторыя гэтых замкаў абсалютна ўнікальная, бо ў розныя перыяды яны былі часткай вялікай колькасці непадобных адна да адной краінаў: Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расейская імперыя, СССР і Беларусь, – указаў у сябе ў Instagram малады чалавек. – У цэлым пафасных словаў цалкам дастаткова. Лепш гартайце налева і любуйцеся гэтымі архітэктурнымі творамі мастацтва.

Паводле словаў Мікіты, іх з сябрамі паездка па Беларусі была настолькі насычанай, што часу на сон не было. Затое ў іх раскладзе танцы ў найстарэйшым лясным масіве Еўропы і марафон у паяданні паўтара кілаграмаў дранікаў за адзін прысест.

У Instagram яшчэ адной расейкі Марыі – здымкі з Менска, Гародні, Нясвіжскага замка. Уражаннямі пра нашу краіну яна падзялілася ўжо пасля вяртання дадому.

– Першае, што заўважаеш, – гэта прыгажосць вакол. Палі, лясы, лугі, адсутнасць людзей і машынаў на дарогах. Мы спецыяльна паехалі не па буйных трасах, а па сельскіх дарогах, і не пашкадавалі. Вельмі хацелася паглядзець, як і чым жывуць людзі. Жывуць небагата, гэта відаць. Вельмі сціпла, – расказала яна. – Але вакол чысціня, парадак і поўная адсутнасць у вёсках і гарадах высокіх платоў вакол прыватных дамоў ужо кажа пра многае.

Дзяўчыну ўразіла, што ў Беларусі «ўздоўж дарог няма нічога». Ні аўтасэрвісаў, ні прыдарожных кавярняў.

– Нічога. Толькі палі і лясы. Ад аднаго населенага пункта да іншага, – падзялілася назіраннямі яна. – І ўсе палі засеяныя. Няма ні метра неапрацаванай зямлі.

Здаецца, з іншых беларускіх гарадоў яе найбольш уразіла Гародня. У адным са сваіх пастоў яна называе яго «горад-казка, горад-мара».

– У Гародні ёсць замак. І не адзін, а цэлыя два. Стары замак і проста насупраць яго Новы замак, – піша Марыя. – І калі Стары замак нібы сышоў са старонак нейкай казкі, то Новы нагадвае адзін з павільёнаў на ВДНГ (Выстава дасягненняў народнай гаспадаркі. – Заўв. рэд.) сваім савецкім размахам. На ВДНГ, праўда, круцейшы.

Мяркуючы з Instagram расейкі Наталлі, у Беларусі яна правяла блізу тыдня. Акрамя распіяраных сярод вандроўцаў месцаў, дзяўчына пабывала ў Жодзіне на «цудоўнай экскурсіі», на якой расказвалі пра вытворчасць БелАЗаў. З'ездзіла на вапнавыя кар'еры пад Ваўкавыск, паглядзела на Камянецкую вежу і Пінск, дзе сфатаграфавалася з помнікам Леніну.

– Нічога не чакала ад Пінска, але гэта вельмі ўтульны для шпацыраў горад, вядома ж, са сваёй унікальнай гісторыяй, якая пачалася вельмі даўно – у 1097 годзе, – напісала яна.

А вось Святлана з мужам за тыдзень «аб'ехалі Беларусь па коле» і пабывалі ў кожнай вобласці. Падпісчыкаў дзяўчыны ўразіў яе пост з краявідамі Оршы.

Многія, гледзячы на фота горада, пісалі ў каментарах: «Прыгажосць», «Атмасферна», «Прыгожа, чыста, утульна», а хтосьці нават прызнаваўся, што не раз праязджаў міма Оршы, але цяпер надумаў заехаць.

Акрамя таго, у адным з пастоў дзяўчына звярнула ўвагу на тое, як яны праходзілі беларуска-расейскую мяжу.

– Мяжу туды перасякалі праз асноўны КПП. Літаральна пяць хвілінаў. Папрасілі паказаць пашпарты двойчы, – падзялілася яна досведам з падпісчыкамі. – Назад ехалі праз Ляды (аграгарадок у Дубровенскім раёне. – Заўв. рэд.). Там і зусім агульны шлагбаум на абодва бакі дарогі.

Паводле словаў Святланы, пры пераездах паміж гарадамі яны спыняліся ў Шклове, Пінску, Нясвіжы, Міры, Шчучыне, Лідзе. Наведалі Навагрудскі замак, тры закінутыя сядзібы і пару прыгожых храмаў. Дзяўчына расказала, што ўпершыню пабывала ў нашай краіне ў траўні 2018-га. Тады іх сям'я паглядзела не толькі Беларусь, але і на цягніку Менск – Вільня на дзень з'ездзіла ў Літву.

– Эх, былі часы: адкрытыя межы і дзейная шэнгенская віза на некалькі гадоў, – адзначыла яна.

Турыстка Аляксандра падчас травеньскіх вакацыяў паспела пабываць у Менску, Віцебску, Гародні і нават зрабіць фота ў рапсавым полі.

– Рэкамендую да наведвання, – падзялілася яна ўражаннем пра паездку ў Instagram. – Шмат замкаў, буслоў, дзьмухаўцоў і сонца.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках