Двух беларусаў выбралі на драфце USHL
- 8.05.2024, 11:45
- 1,360
Хакеісты згуляюць у галоўнай юніёрскай лізе ЗША.
17-гадовы беларускі нападнік Яраслаў Брызгалаў быў абраны камандай «Дэ-Мойн Б'юканерс» у 15-м раўндзе, пад 215-м нумарам на драфце USHL [галоўная юніёрская ліга ЗША], піша belarushockey.
Мінулы сезон Яраслаў праводзіў у складзе юніёрскай каманды Беларусі ў вышэйшай лізе. Брызгалаў правёў 52 сустрэчы і вызначыўся 69 (21+48) дзейснымі баламі пры паказчыку карыснасці «+44», а таксама стаў трэцім бамбардзірам вышэйшай лігі па выніках рэгуляркі.
У плэй-оф форвард згуляў у 15 матчах і набраў 18 (8+10) былаў пры паказчыку карыснасці «+3». Характэрна, што ў сезоне-2023/24 Брызгалаў не прапусціў ніводнай гульні.
«Дэ-Мойн» стаў сёмым у Заходняй канферэнцыі ў рэгулярцы USHL і не выйшаў у плэй-оф лігі. Адметна, што за гэтую каманду летась выступаў беларускі нападнік Ілья Протас.
18-гадовы беларускі нападнік Арсень Каўгарэня быў выбраны пад 359-м нумарам на драфце USHL камандай «Грын-Бэй».
У мінулым сезоне Betera-Экстралігі Каўгарэня выступаў у мінскім «Юнацтве». На яго рахунку 31 (19+12) бал у 55 матчах з улікам накаўт-раўнда Кубка Прэзідэнта. Яго прызналі лепшым маладым гульцом сезона-2023/24 Betera-Экстралігі.
У вышэйшай лізе Арсень абараняў колеры «Юніёра». Набраў 9 (4+5) балаў у 7 матчах і дабраўся да залатых медалёў. Цяпер ён знаходзіцца ў размяшчэнні зборнай Беларусі.
«Грын-Бі» стаў трэцім ва Усходняй канферэнцыі ў рэгулярцы USHL і дайшоў да 1/4 фіналу плэй-оф лігі. У сезоне-2022/23 за гэтую каманду выступаў беларускі абаронца Арцём Ляўшуноў.