Расея нацыяналізавала найбуйнейшага ў краіне вытворцу макароны
22- 8.05.2024, 17:26
- 14,274
Гэта адзін з сусветных лідараў.
Расейскія ўлады працягваюць курс на паўзучую нацыяналізацыю буйных актываў прыватнага бізнэсу, нягледзячы на запэўніванні прэзідэнта Уладзіміра Пуціна аб тым, што перагляду вынікаў прыватызацыі 1990-х у краіне не будзе. Услед за 15 абароннымі заводамі і яшчэ трыма сотнямі прадпрыемстваў коштам, большым за трыльён расейскіх рублёў, у дзяржуласнасць перайшло АТ «Макфа» — найбуйнейшы ў краіне вытворца макаронных вырабаў.
У сераду Цэнтральны раённы суд Чэлябінска задаволіў пазоў Генпракуратуры аб вяртанні ў даход дзяржавы ўсіх актываў «Макфы» і афіляваных з ёй кампаній, паведаміў «Інтэрфаксу» адвакат Ігар Труноў.
У пазове Генпракуратура сцвярджала, што «Макфа» і дзясятак іншых прадпрыемстваў, у тым ліку «Смак» і «Чэлябінскаблгаз», павінны быць нацыяналізаваныя, бо іх бенефіцыяры Міхаіл Юрэвіч і Вадзім Белавусаў вялі прадпрымальніцкую дзейнасць, адначасова працуючы ў органах улады.
Адказчыкі цягам многіх гадоў выкарыстоўвалі сваё высокае становішча «для дасягнення ўласных бізнэс-інтарэсаў», парушаючы забароны і абмежаванні, устаноўленыя антыкарупцыйным заканадаўствам, падкрэслівалі пракуроры. Так, Юрэвіч з 2000 да 2005 года быў дэпутатам Дзярждумы, да 2010 года ўзначальваў Чэлябінск, а пазней да 2014 года - Чэлябінскую вобласць. Белавусаў з 2011 да 2023 года быў дэпутатам трох скліканняў Дзярждумы.
АТ «Макфа» ўваходзіць у топ-5 сусветных вытворцаў макаронных вырабаў і ўнесенае ў пералік сістэмаўтваральных прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу Расеі. Генпракуратура ацаніла капіталізацыю актываў «Макфы» на 22 млрд руб, а «Першага хлебакамбіната» – на 3,7 млрд руб. Паводле інфармацыі ведамства, штогадовы прыбытак абодвух прадпрыемстваў перавышае 31 млрд руб.