Славакі назло прэм'еру Фіца сабралі грошы на амаль 2700 набояў для УСУ
7- 9.05.2024, 16:43
- 4,530
Неўзабаве яны паступяць на фронт.
Грамадзяне Славаччыны сабралі больш за 4 млн еўраў на закуп боепрыпасаў для ўкраінскага войска ў чэшскага вытворцы STV Group, паведамляе агенцтва СТК.
Паводле інфармацыі арганізатараў, 2692 артылерыйскія набоі будуць пастаўленыя Кіеву не пазней за канец лета. Збор быў абвешчаны ў канцы красавіка, пасля адмовы афіцыйнай Браціславы далучыцца да чэшскай ініцыятывы ў закупе набояў для Украіны за межамі Еўропы.
Арганізатары планавалі сабраць 1 млн еўраў, такую суму змаглі сабраць за два дні. На гэты момант больш за 65 тысяч чалавек ахвяравалі грошы, агульны фонд ініцыятывы «Боепрыпасы для Украіны» складае больш за 4 млн еўраў.
«Мы кансультуемся з Міністэрствам абароны Чэхіі наконт усіх закупаў. Яны пацвярджаюць, ці падыходзіць кошт», - паведаміў удзельнік праекта «Падарунак для Пуціна» Дадо Добрык. Гэтая кампанія - грамадзянская ініцыятыва для куплі набояў і тэхнікі для Украіны.
Прэм'ер Славаччыны Роберт Фіца, якога часта называюць прарасейскім, выступае супраць паставак зброі і боепрыпасаў украінскаму войску.