Упершыню ў гісторыі еўрапейца тройчы прызналі найлепшым гульцом НБА
2- 9.05.2024, 18:07
- 1,906
Ім стаў цэнтравы «Дэнвера» Нікола Ёкіч.
Сербскі цэнтравы «Дэнвера Нагетса» Нікола Ёкіч трэцім разам за апошнія чатыры гады быў прызнаны самым каштоўным гульцом сезона ў НБА, ён стаў усяго дзявятым баскетбалістам у гісторыі турніру і першым еўрапейцам, які атрымаў гэтую ўзнагароду тры разы. Пра гэта паведамляецца на сайце НБА.
Найлепшы гулец лігі з мінулага сезона атрымлівае прыз імя Майкла Джордана.
У рэгулярным сезоне Ёкіч стаў 10-м у НБА па балах, чацвёртым у падборах і трэцім у перадачах за гульню. Ёкіч заняў другое месца па колькасці дабл-даблаў (68) і трыпл-даблаў (25) і рэалізаваў 58,3% кідкоў з гульні (дзясяты вынік).
Ён другі гулец у гісторыі лігі пасля Оскара Робертсана (1962), які набраў не менш за 2000 балаў, зрабіў 900 падбораў і 700 перадач за сезон.
Раней серб атрымліваў узнагароду ў 2021 і 2022 гадах.
Акрамя Ёкіча і амерыканца Лары Берда (па тры ўзнагароды), астатнімі ўладальнікамі тытула MVP па тры разы і больш станавіліся толькі цемнаскурыя баскетбалісты — Карым Абдул-Джабар (6), Майкл Джордан (5), Біл Расэл (5), Уілт Чэмберлен (4), Леброн Джэймс (4), Мэджык Джонсан (3) і Мозэс Мэлоўн (3).
«Дэнвер» з Ёкічам у гэтым сезоне ўстанавіў клубны рэкорд па колькасці перамог за «рэгулярку» (57 перамог, 25 паразаў).
У другім раундзе плей-оф клуб Ёкіча гуляе з «Мінесотай Цімбервулвз» (0–2).