Нямеччына набудзе ў ЗША тры ўстаноўкі HIMARS і перадасць іх Украіне
4- 9.05.2024, 21:02
- 3,256
Пра гэта паведаміў міністр абароны ФРГ
Нямеччына супольна са Злучанымі Штатамі Амерыкі перадасць Украіне дадатковыя сістэмы залпавага агню HIMARS.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на заяву міністра абароны Нямеччыны Барыса Пісторыюса падчас размовы з журналістамі.
«Супольна з амерыканцамі мы паставім ва Украіну тры пускавыя ўстаноўкі вялікай масы HIMARS», – сказаў ён.
Паводле ягоных словаў, яны знаходзяцца на балансе іншых заходніх узброеных сілаў і будуць аплачаныя Нямеччынай.
«Мы таксама яшчэ раз катэгарычна пацвердзілі, наколькі важныя NATO, але і асабліва нашы еўрапейскія партнёры, калі гаворка ідзе, як мы падтрымліваем Украіну, якое значэнне і якую небяспеку хавае ў сабе напад Пуціна на Украіну для бяспекі ў Еўропе і ў свеце», – сказаў Пісторыюс.
HIMARS – амерыканская рэактыўная сістэма залпавага агню на колавым шасі. Раней ЗША перадалі Украіне дзясяткі такіх установак, якія могуць дакладна біць дальнабойнымі ракетамі па тылах ворага.