Памёр Ніл Гілевіч
89- 30.03.2016, 9:45
- 38,218
(абноўлена) У Менску на 85-ым годзе жыцьця памёр народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч.
Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».
Рэдакцыя charter97.org горка смуткуе разам са сваякамі, сябрамі Ніла Гілевіча і ўсім беларускім народам.
Ніл Гілевіч — паэт, перакладчык, аўтар дзесяткаў паэтычных зборнікаў, кніг па літаратуразнаўству і фальклярыстыцы.
Член Саюза пісьменьнікаў з 1954 году.
Скончыў філялягічны факультэт БДУ (1956), кандыдат філялягічных навук, прафэсар кафэдры беларускай літаратуры філфаку БДУ.
У 1980-89 — першы сакратар Саюзу пісьменьнікаў Беларусі.
Ляўрэат дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980), народны паэт Беларусі (1991).
Ніл Гілевіч з 60-ых гадоў актыўна выступаў за беларусізацыю, у якасьці дэпутата Вярхоўнага Савета 11-га скліканьня быў адным зь ініцыятараў прыняцьця Закону аб мовах.
У Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня ўзначальваў Камісію па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны.
У 1989 −1997 старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.
Адзін з сустрашыняў Усебеларускага З’езду пра Незалежнасьць (ліпень 2000 году).
У канцы 2013 году выйшаў апошні 23-ці том Збору твораў.
Віктар Казько пра Ніла Гілевіча: Адыходзіць эпоха
— Што тут скажаш? Гэта адыходзіць эпоха, — гаворыць празаік Віктар Казько пра асобу паэта Ніла Гілевіча, які сёньня пайшоў з жыцьця. — Таму што з апошніх «зуброў» ён быў, з тых людзей, на якіх павінна раўняцца культура, і ўвогуле быў прыстойны чалавек.
Мы адчуваем, што такіх барацьбітоў не хапае сёньня . Адчуваем ня толькі сум, але й адзіноту сваю, адзіноту тых, хто застаецца сёньня на гэтым сьвеце, хто на Беларусі застаецца. Ён быў з тых, хто мог выступаць і за культуру, і за народ, і за мову. Гэта ўсё адыходзіць, адыходзіць, канае і канае. І хто ведае, што нам суджана заўтра? З такімі стратамі...
Барыс Пятровіч: Зьбіраліся юбілей Ніла Гілевіча адзначаць у верасьні
Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч распавёў Свабодзе, што пра сьмерць Ніла Сымонавіча паведаміў ягоны сын Сяргей Гілевіч.
- Ён сказаў, што сёньня прыблізна ў 18.50 у рэанімацыі памёр Ніл Сымонавіч. Учора раніцай яму стала горш... У яго была цукроўка і сказалі, што апошнім часам выявілі таксама анкалёгію. Ён некалькі месяцаў таму быў у лякарні ў Бараўлянах. Мы зь ім размаўлялі, ён спадзяваўся на лепшае. Ён казаў, што ў такім узросьце гэтая хвароба не так хутка разьвіваецца, зьбіраўся яшчэ жыць і працаваць. Але сэрца не вытрымала. Ня стала Ніла Сымонавіча.
Дзе будзе пахаваньне і разьвітаньне пакуль невядома, будзе пэўна вырашацца заўтра. Магчыма, падключацца ўлады, усё такі гэта адзіны і апошні народны паэт. Калі не, то будзем самі займацца: родныя, блізкія, сябры і саюз.
Зьбіраліся яго юбілей адзначаць. У яго дзень нараджэньня 30 верасьня, мы якраз зьбіраліся адзначыць 85 гадоў. Юбілей, безумоўна, будзе адзначацца, але ўжо без Ніла Сымонавіча.
Валянцін Голубеў: Ніл Гілевіч хацеў, каб яго запомнілі поўным сіл
- Вестка пра сьмерць Ніла Сымонавіча мяне вельмі ўзрушыла, — кажа былы дэпутат Вярхоўнага Савету, прафэсар Валянцін Голубеў. — Адразу згадваю гэтую вялікую фігуру — ён вялікім быў і зьнешне, як мужчына, быў вялікі як чалавек і вялікі адметны беларус. Ведаеце, я быў яшчэ зусім малады, калі разам зь ім стаў дэпутатам Вярхоўнага савету Беларусі 12-га скліканьня. А Гілевіч тады ж быў асобай ужо вельмі вядомай на ўсю краіну.
Напачатку мы яшчэ шмат ў чым зь ім спрачаліся, бо ён жа спачатку стаяў на пазыцыях, будзем гаварыць гэтак, савецкіх, камуністычных. А Беларускі народны фронт, які я тады прадстаўляў, быў даволі радыкальнай арганізацыяй, якая выступала за поўную незалежнасьць Беларусі. І Ніл Сымонавіч на першых парах гэтага не зусім падзяляў: як гэта Беларусь можа быць цалкам незалежнай? Але ён быў беларусам, быў за беларускую мову, вельмі шмат зрабіў дзеля беларускай справы і таму ня дзіва, што як працаваў наш Вярхоўны савет, як расьлі мы, гэтак жа рос і мяняўся Ніл Сымонавіч.
І бліжэй да заканчэньня нашага дэпутацтва, пасьля прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, а потым пасьля 1994 году і наступных падзей, якія Гілевіч расцаніў як адыход ад беларускасьці і прынцыпаў незалежнасьці, ён стаў такім беларускім дзяржаўнікам, такім незалежнікам! І ўжо усё астатняе жыцьцё, да сёньняшняга апошняга ягонага дня ён правёў у змаганьні за Беларусь і яе незалежнасьць.
У парлямэнце ён быў старшынёй камісіі на культуры, і вельмі шмат зрабіў на гэтай пасадзе, каб быў прыняты Закон аб культуры, ды ўсё беларускае заўсёды падтрымліваў. А калі паўстала пагроза беларускасьці, ён адкрыта стаў на пазыцыі ня проста не прыняцьця гэтага, а актыўнага змаганьня.
Апошнія гады ён ужо амаль не выходзіў на вуліцу, я неяк зь ім гаварыў па тэлефоне, калі журналісты прапанавалі мне ўзяць у яго інтэрвію, і я яму гэта прапанаваў, ён сказаў мне: «Валянцін, я не хачу, каб мяне бачылі старым і хворым, хачу, каб мяне запомнілі такім, якім я быў — поўным сілаў, калі я змагаўся за нашу беларускую справу».
Вось гэта вельмі важна пра яго — што ён той чалавек, які змог сябе пераасэнсаваць, змог убачыць, што лепш для Беларусі і стаць самому іншым. І гэта для мяне такі прыклад, што як людзі, грамадзяне мяняюцца да лепшага, гэтак і дзяржава можа зьмяніцца. І таму магу сказаць, што ганаруся, што яго ведаў і заўсёды буду, покуль жывы, расказваць, які гэта быў чалавек, змагар, паэт, мысьляр. Разьвітваючыся з такімі людзьмі кажаш, што ўсё роўна жыве Беларусь. Бо ён, Ніл Гілевіч, пражыў жыцьцё для Беларусі.
***
Ніл Гілевіч, Верш на Свабоду
Новы векАзарыў небасхіл.«Чый ён будзе?» —Прарокі гамоняць.Будзе наш —Калі выстарчыць сілУ цябе,Беларуская моладзь!
Значыць,Трэба па долю ісьціЗь цьвёрдай верай,Што вёрсты ня змораць.Дык ня страць,Не ўступі,Не ўпусьціГэты шанц,Беларуская моладзь!
Хай за зданьнюПачварыцца здань —Сілу волатаЦені ня зломяць.Час прабіў:УздымісяІ станьУ шыхты,Беларуская моладзь!
Веру:Выпаўзьні з чорнай начыДух твой вольныНа здраду ня змовяць.Раздрузгоч,РаскрышыІ зьмяціІх кубло,Беларуская моладзь!
Помні:Волю ў змаганьні бяруць,А ня просяць,Ня кленчаць,Ня моляць.Толькі тыЗьберажэш Беларусь!Толькі ты,Беларуская моладзь!