29 апреля 2024, понедельник, 3:44
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: Дзе шукаць паратунку?

4
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: Дзе шукаць паратунку?

Адказ адзін.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да каталiцкiх вернiкаў напярэдадні Вялікадня. Ягоны зварот публiкуе сайт catholic.by:

— Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Чарговы раз Божы Провід дазваляе нам святкаваць галоўнае хрысціянскае свята — Пасху Хрыстову. Разам з жанчынамі міраносіцамі мы сваімі думкамі cкіроўваемся да пустой магілы Езуса (пар. Мц 28, 1–10), каб стаць сведкамі Яго Уваскрасення як асноватворнай праўды нашай веры. Сваім Уваскрасеннем Езус парушыў закон прыроды, бо хто і калі бачыў, каб памерлы ўваскрос? Адсюль і наша радасць, бо Уваскрасенне Хрыста з’яўляецца гарантыяй нашага ўваскрашэння.

Магутны гук званоў і рэзурэкцыйныя працэсіі напаўняюць плошчы і вуліцы нашых гарадоў і вёсак, а спеў радаснага Аллелюя прымушае дрыжаць не толькі шыба ў вокнах касцёлаў, але і нашыя сэрцы. Наша радасць паходзіць ад Бога, бо смерць пераможана, Езус уваскрос і перад намі перспектыва вечнага жыцця.

Пасхальная таямніца смерці і Уваскрасення Езуса падкрэслівае бязмежную любоў Бога да чалавека.

Бог не пакінуў нас у грахоўным палоне, але вызваліў і адчыніў брамы неба, зачненыя з-за граху нашых прабацькоў Адама і Евы.

2. Праўда ўваскрашэння не ўспрымалася ў старажытнай культуры. Так, навучанне апостала Паўла ў Афінах аб уваскрашэнні цела было ўспрынята як недарэчная фантазія ў эліністычнай культуры таго часу, і яго не хацелі слухаць (пар. Дз 17, 16–32).

Нашыя часы таксама не адрозніваюцца арыгінальнасцю. Сучасная свецкая ліберальная культура выключае ўваскрашэнне цела з гарызонту думкі і ўяўлення чалавека. Уваскрасенне Езуса і абяцанне вечнага жыцця гучыць незразумела і неверагодна для сучаснага чалавека, які хоча жыць шчасліва тут і цяпер і не думае пра вечнасць. А нават калі і задумваецца, то сваіх пытанняў не скіроўвае да Езуса.

Адны надзею бачаць у гібернацыі — замарожванні цела з надзеяй, што ў будучыні дзякуючы дасягненням навукі яно будзе «ажыўлена», другія ў розных кактэйлях нясмяротнасці, трэція ў штучным інтэлекце і гэтак далей. Яшчэ іншыя — у трансгуманізме, гэта азначае ў з’яўленні новага, удасканаленага і вечна жывога чалавека, які можа захаваць сваю свядомасць незалежна ад стану яго цела. Аднак усе гэтыя тэндэнцыі не бяруць пад увагу словаў Езуса, што Ён — уваскрасенне і жыццё, і хто верыць у Яго, калі нават памрэ, будзе жыць вечна (пар. Ян 11, 25).

3. На вялікі жаль, сучасны чалавек уцякае ад разважанняў пра Бога і вечнасць і лічыць, што зможа паспяхова рэалізаваць свае планы без Яго. Мода на нігілізм стварыла духоўную пустыню, у якой чалавек перажывае духоўны каранавірус і задыхаецца.

Чалавек XXI стагоддзя лічыць, што, вызваліўшыся ад міфаў і рэлігій, ён стаў дасканалым. Ён самастойна спасцігае таямніцы прыроды і сусвету, будуе касмічныя караблі і станцыі, зазірае за межы нашай галактыкі. Ён развівае інфармацыйныя тэхналогіі і штучны інтэлект, якія вельмі патрэбныя, але неэтычнае іх выкарыстанне пагражае катастрофай. Чалавек, з аднаго боку, з надзеяй успрымае іх, а з іншага — іх баіцца. Нездарма Папа Бэнэдыкт XVI падкрэслівае, што сучасны свет забываецца пра Бога, яму здаецца, што ўсё адбываецца без Яго, але ў той жа час існуе пачуццё расчаравання, незадаволенасці ўсім і ўсімі.

Таму свет адчайна патрабуе дапаўнення ў Богу.

4. На вялікі жаль, складаецца ўражанне, што ў сучаснай секулярнай культуры хрысціянства пазбавілася сваіх каштоўнасцяў і з’яўляецца «хрысціянствам без Хрыста». Нярэдка яно становіцца фальклорам і існуе для таго, каб пад нейкім «магічным» дзеяннем Бога чалавек мог адчуваць сябе добра без асабістых духоўных намаганняў.

У апошнія часы, асабліва ў багатых краінах, модным становіцца так званае «Евангелле росквіту», паводле якога Бог нам павінен ва ўсім спрыяць, бо мы — хрысціяне. Больш за тое, усё часцей праяўляюцца тэндэнцыі, калі хрысціяне выказваюць свае патрабаванні да Бога, а часам нават абвінавачваюць Яго ў тым, што яны грашаць і чыняць зло. Маўляў, мы ахрышчаныя, і таму Бог павінен нас берагчы ад граху. Бог не сказаў, што будзе ахоўваць нас ад зла, але даў сродкі для гэтага. Перадусім гэта Святое Пісанне і сакрамэнты.

Чалавек выказвае своеасаблівую незадаволенасць часам, у які жыве. Аднак пры гэтым ён не ўспрымае этычных нормаў і часта выкарыстоўвае сітуацыйную этыку, паводле якой, у залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі, вырашае аб маральнасці сваіх паступкаў. У апошнія часы з’явілася паняцце так званай «утылітарнай этыкі», што апраўдвае зло, калі яно дапамагае дасягнуць нейкага дабра, якое суб’ектыўна здаецца больш важным, чым учыненае зло.

Між тым вучэнне Хрыста радыкальнае: «Няхай будзе слова вашае «так-так», «не-не». А што звыш гэтага, тое ад злога» (Мц 5, 37).

Божы закон нязменны і не залежыць ад меркавання чалавека.

На вялікі жаль, секулярныя тэндэнцыі вядуць да таго, шо «так» становіцца «не» і наадварот: «не» становіцца «так». У выніку гэтага ўстаноўлены Богам маральны парадак пераварочваецца з ног на галаву. Як снежная лавіна нарастаюць маральныя праблемы ў асабістым жыцці, грамадстве і свеце.

Беларусь багатая сваёй культурнай і духоўнай спадчынай. Падобна да таго, як пінскія балоты з’яўляюцца «лёгкімі Еўропы», таксама і наша Бацькаўшчына павінна быць духоўнымі лёгкімі Старога кантынента. Аднак у апошнія часы яны ўсё часцей хварэюць. На іх вельмі моцна ўплывае паталогія практычнага матэрыялізму, спалучаная з рэлятывісцкай і нігілістычнай думкай, як кажа Папа Бэнэдыкт XVI.

Дзе шукаць паратунку? Адказ адзін — у Пасхальнай таямніцы смерці і Уваскрасення Хрыста. Яна вучыць, што ў перспектыве паўнаты жыцця ў Хрысце і з Хрыстом нашае жыццё перастае быць марнай гонкай за міражом шчасця, але набывае сэнс і мэту, нясе суцяшэнне і мір у сэрцы. Вядомы выраз кажа, што калі Бог на першым месцы, то ўсё іншае на сваім месцы. Таму сучаснаму чалавеку неабходна вярнуцца да хрысціянскай этыкі. Яна, як хуткая дапамога, будзе бараніць яго ад грэшных схільнасцяў.

Хоць у нашу эпоху Езуса стараюцца прыбраць з жыцця людзей і грамадства, тым не менш наша хрысціянская надзея павінна заставацца ва Уваскрослым Хрысце.

5. Святы апостал Павел кажа: «Ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус» (Гал 2, 20). Як гэта магчыма? Наступны прыклад дапамагае лепш зразумець гэтую праўду. Калі кавалак жалеза пакласці ў вагонь, ён нагрэецца да белага свячэння. Мы атрымліваем дзіўную сітуацыю: жалеза ў вагні і агонь у жалезе, хоць пры гэтым ні жалеза не з’яўлецца вагнём, ані вагонь не з’яўляецца жалезам. Таксама і мы жывем у Хрысце, а Ён у нас, хоць мы не багі.

Нягледзячы на тое, што мы перажываем розныя небяспекі, спакусы, грахі, беды і праблемы, тым не менш праз Езуса Хрыста мы выратаваныя.

Мора салёнае, але рыбы жывуць у ім і не становяцца салёнымі, бо яны жывыя. Таксама і мы: калі будзем жыць у Хрысце, то складанасці і грахоўныя выклікі сучаснасці не перамогуць нас.

Яшчэ адзін выраз кажа, што сонца свеціць аднолькава на добрых і дрэнных. Таксама і Божая ласка сыходзіць на ўсіх — святых і грэшнікаў: трэба толькі адкрыцца на яе.

Уваскрослы Хрыстус — гэта не толькі гістарычная асоба. Ён жыве не толькі на старонках Бібліі, але таксама павінен жыць у нашых сэрцах. Гэта фундаментальнае пасланне Пасхі як падмурка нашай веры і надзеі на шчаслівую вечнасць. Яно павінна быць компасам нашага зямнога жыцця, каб мы дасягнулі порту вечнага шчасця.

6. Дарагія браты і сёстры!

Зробім крок насустрач Езусу, а Ён прыме нас з распасцёртымі рукамі і сваёй ласкай увойдзе ў нашае жыццё. Даручым сябе Яму з упэўненасцю, што Ён заўсёды побач з намі і дае нам сілы жыць згодна з Яго вучэннем.

Віншую вас з радасным і збаўчым святам Пасхі Хрыстовай!

Няхай Уваскрасенне Хрыста напоўніць вашыя сэрцы супакоем, прынясе глыбокую радасць, памножыць любоў, народзіць надзею і ўмацуе веру.

Няхай моц велікоднага паслання пастаянна перамяняе вашыя cэрцы, каб яны, прамянеючы ззяннем таямніцы Уваскрасення, неслі жыццё туды, дзе смерць; святло — туды, дзе цемра; згоду і прымірэнне — туды, дзе трывога і адсутнасць прабачэння.

Радасных і благаслаўлёных святаў!

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Аллелюя!

Гэтыя пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Написать комментарий 4

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях