Алег Корбан: Будзем пікетаваць месца жыхарства і працы здраднікаў Беларусі
5- 6,684
Актывісты «Альтэрнатывы» правялі пікет ля будынку БДУІР.
Акцыя, арганізаваная грамадскай арганізацыяй «Альтэрнатыва» на чале з Алегам Корбанам, пачалася а 15:00 каля галоўнага корпуса БДУІР, дзе працуе выкладчыкам паліталогіі арыштаваны прарасейскі прапагандыст Юрый Паўлавец, перадае «Радыё Свабода».
Дзясятак пікетоўцаў прыйшлі з расцяжкай «Выкладчык Паўлавец - здраднік». Удзельнікі скандавалі: «Ганьба фашыстам! Ганьба адэптам «расейскага свету!»
- Мы хочам паказаць кіраўніцтву ўніверсітэта, што ёсць група беларусаў, якія выступаюць супраць так званых прарасейскіх публіцыстаў, - распавёў Алег Корбан. - Таксама хочам паведаміць рэктарату, што варта больш уважліва ставіцца да падбору кадраў. Нашы актывісты гатовыя мірнымі спосабамі пікетаваць месца, дзе жывуць і працуюць людзі накшталт Паўлаўца.
Неўзабаве з будынку БДУІР выйшлі чацвёра маладых людзей, адзін з іх быў у камізэльцы з надпісам «добраахвотная дружына».
Яны пачалі наступаць на пікетоўцаў, завязаўся канфлікт. Да маладзёнаў далучыўся мужчына, які назваўся «выкладчыкам».
«Дружыннікі» выхапілі папяровую расцяжку з рук Корбана і пакамячыў яе.
Дыялог адбываўся на падвышаных тонах. Асноўнай прэтэнзіяй з боку «дружыны» стала тое, што пікетоўцы «парушаюць грамадскі парадак».
- А ваш выкладчык нічога не парушае, калі распальвае міжнацыянальную варожасць? - спытаў Корбан.
Студэнт Андрэй Карпіцкі меў на камізэльцы спецыяльнае пасведчанне «дружынніка». На пытанне журналістаў, якую структуру ён прадстаўляе, і чаму нападае на пікет, адказаў:
- Дружына - гэта такое ахоўнае аб'яднанне ўніверсітэта. А гэтыя людзі хай не крычаць тут, хай сыходзяць...
Нечакана да канфлікту далучыўся прарэктар БДУІР у выхаваўчай рабоце Дзмітрый Кузняцоў. Ён паведаміў, што «Паўлавец не затрыманы, а проста не выходзіць на працу». Больш падрабязна пракаментаваць гэта сцверджанне Кузняцоў адмовіўся. Тым часам супрацоўнікі ўніверсітэта выклікалі міліцыю.
Алег Корбан з паплечнікамі наважылі сысці да прыезду праваахоўнікаў, каб пазбегнуць затрымання.