29 красавiка 2024, панядзелак, 5:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Такое доўгае вяртанне

Палітыка – гэта наіўнасць. Бязмежная, неаглядная. І ў аснове самых велічных яе збудаванняў найчасцей не рэальнасць і матэматычны разлік, а звычайныя міты, фантазіі. Беспадстаўныя спадзяванні. Як урачыста прагучалі калісьці словы вядомага дзяржаўнага дзеяча на лонданскім лётнішчы, калі ён, пасля лёсавызначальнай сустрэчы з Гітлерам, звяртаўся да суайчыннікаў: “Я прывёз вам мір!”

А ў хуткім часе на іх галовы пасыпаліся бомбы.

І якім жа магутным і непахісным яшчэ зусім нядаўна здаваўся Савецкі Саюз! На яго ракетным прыцэле – усе кантыненты. Эскадры атамаходаў рэжуць хвалі чатырох акіянаў. Дальняя авіяцыя заўсёды напагатове.

І раптам – такая прыкрая і нікчымная нечаканасць. Пахіснуліся стаўкі на нейкай там нафтавай біржы. І дзе звышдзяржава, перад якой трапятаў свет?

Няма нічога дзіўнага ў тым, што найчасцей глыбінныя тэндэнцыі ў грамадскіх працэсах заўважаюць першымі зусім не палітыкі. Іх жа не цікавяць дробязі. А менавіта ў дробязях, як зазначыў Марцін Лютэр, нярэдка і тоіцца д’ябл. І люд паспаліты ім нездарма аддае перавагу.

Калісьці на вуліцы Берліна Усходняга прыпыніўся на момант аўтобус, які вёз савецкіх турыстаў. А у канцы невыразнай той вуліцы цягнуўся мур, які падзяляў расколаты горад.

Аб ім, зразумела, і пайшла ў той момант размова. Гід, або па тагачаснаму экскурсавод, маладая жанчына, жонка савецкага афіцэра, сказала, што мур хутка разбураць. Ідэйная частка групы запярэчыла гнеўна: гэта з якой нагоды? І тая жанчына, жонка звычайнага савецкага акупанта, адказала спакойна: мур недастаткова высокі, ён не здолеў засланіць ад усходніх немцаў заходнія вітрыны.

Да таго дня, калі славуты мур расцягнулі на сувеніры, заставалася яшчэ тры гады. А можа, усяго толькі тры.

Сённяшняя Беларусь нечым пакутліва нагадвае незабыўную ГДР часоў яе вышэйшага ўздыму, калі партыя стаяла на вахце, калі ў святочных калонах крочылі па плошчах фізкультурніцы і бесклапотны сон грамадства пільнавала штазі. Беларусь таксама магутная, як ніколі. На манёўрах грукочуць танкі ўздоўж граніц. Рабочы клас куе жалеза. Калгаснае сялянства вядзе няспынны бой за ўраджай. Дзяржаўная ідэалогія па-гаспадарску ўваходзіць у кожны дом. Ды нешта радасці сапраўднай чамусьці не відаць. І спакой, як сказана было, нам толькі сніцца.

Інакш навошта за кожным словам чуецца абрыдлы ўжо рэфрэн: стабільнасць? Калі на двары сапраўды ўладарыць сонца, людзі цешацца цяплом, зялёнаю лістотай, і ніхто ж не парываецца крычаць: лета, лета, лета!.. Нешта тут не тое. Калі ўсё так цудоўна, навошта ў цэнтры горада тырчыць спецназаўскі патруль? Камуфляж мімаволі навядзе на думкі супрацьлеглыя.

Насамрэч няма ніякага спакою. Наўрад ці ёсць яшчэ наверсе хтосьці наіўны да такой ступені, што можа не адчуваць глыбінных тэктанічных зрухаў. Іржавая жалезная заслона нават ролю Берлінскай сцяны выканаць не можа. Гэты мур нічога ўжо не засланяе. Людзі ўсё бачаць. Думаюць. Супастаўляюць. І ўжо шмат хто прыйшоў да разумення таго, што адбылося на самым пачатку дзевяностых. І пазней. Калі суседзі нашы рушылі на Захад, а мы, убычыўшы першыя цяжкасці на даляглядзе, збочылі ў балота, імкнучыся праблемы тыя абмінуць. Мы самыя разумныя. У нас асобны шлях, пераконвала ўлада. Ніхто ж не меркаваў апынуцца ў ізаляванай ад свету краіне, дзе жытло нават даражэй, чым у Берліне, а заробкі толькі крыху большыя, чым у малдаван. Нікому і ў цяжкім сне не трызнілася, што Мінск увойдзе ў спіс самых дарагіх гарадоў свету. І што з нумарамі, накрэмзанымі на далонях, давядзецца пераклікацца ў чэргах каля консульстваў, каб паехаць нават у Польшчу.

І не варта сябе цешыць ілюзіяй, што беларусы памяркоўныя, цярплівыя, праглынуць і не тое. Яны гэткія ж людзі, як і ўсе. Добра ўмеюць лічыць. Свайго не ўпусцяць. І вексель даверу, атрыманы ўладай у 1994-м, прымусяць аплаціць.

Цудоўна, калі ўлада зразумее памылковасць павароту на Усход. І ўцяміць, нарэшце, што ніякага асобнага шляху не існуе. А ёсць толькі адзін – шлях цывілізацыі. А ўсё астатняе вядзе да людажэрства і дзікунства. Мы там ужо блукалі. Асабліва плённа – у незабыўныя трыццатыя.

Калі ж і гэта відавочная выснова не ўспрымаецца ўладай, ну дык што ж… Не яна першая, не яна апошняя з народам пойдзе ў розныя бакі. Людзі самі здзейсняць тое, на што ёй не хапіла добрай волі. Трэба быць сляпым і глухім, каб не разумець, што выбар абсалютнай большасці – накірунак еўрапейскі.

Не па сваёй волі Беларусь апынулася калісьці ў незайздросным стане забранага краю. Час прыйшоу вярнуцца да саміх сябе. Спроба трансфармаваць беларусаў у імперскую біямасу яўна не ўдалася. Нягледзячы на ўсе перажытыя пакуты і незлічоныя страты, народ застаўся еўрапейскім.

Беларусь – частка Еўропы. Без яе мы існаваць не зможам. І яна без гэтага краю будзе няпоўнай. Рана ці позна, усё стане на свае месцы. Анамалія вечна доўжыцца не можа. Закон гравітацыі яшчэ не ўдалося адмяніць нікому і нідзе.

Беларусь вяртаецца ў свой дом.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках