А ў Еўропе жыллё таннее
6
15:54, — Грамадства
Услед за ЗША пасля працяглага буму пачалі падаць цэны на жыллё ў Вялікабрытаніі, Ірландыі, Гішпаніі і Францыі.
У Вялікабрытаніі ўпершыню за гэты год цэны на жыллё ў верасні знізіліся на 0,6% супраць жніўня, паведамляе Halifax. А за апошнія 12 месяцаў цэны выраслі на 10,7%. У Ірландыі цэны ў жніўні знізіліся на 0,3% да ліпеня і на 1,9% у параўнанні з мінулым жніўнем, падлічыў Інстытут эканамічных і сацыяльных даследаванняў Ірландыі. На 0,3% знізіліся цэны і ў Гішпаніі, паведамляе facilisimo.com. Не выстаяла і французская нерухомасць – па дадзеных Нацыянальнай асацыяцыі агенцтваў па продажы нерухомасці, цэны ў III квартале знізіліся на 1% у параўнанні з II кварталам. «Прычына – рост кошту крэдытаў і, як следства, паніжэнне плацежаздольнага попыту», – кажа Жылес Моэ, эканаміст Bank of America.
Крэдытны крызіс прымусіў еўрапейскія банкі зрабіць больш жорсткімі ўмовы іпатэчных крэдытаў. Еўракамісія асцерагаецца, што крэдытны крызіс негатыўна паўплывае на рынкі нерухомасці.
У ЗША, па прагнозе Goldman Sachs, і ў гэтым, і ў 2008 г. цэны на жыллё панізяцца на 7%. Іпатэчныя крэдыты становяцца цяжкадаступнымі, шматлікія крэдыторы сыходзяць з рынку або скарачаюць аперацыі.
Тым часам, цэны на нерухомасць у Менску ўвесь час "паўзуць" уверх, пераступіўшы ў кастрычніку псіхалагічна важны парог у 2000 даляраў за адзін квадратны метр. Сярод асноўных прычын эксперты называюць перавышэнне попыту над прапановай і паніжэнне курсу даляра па дачыненні да іншых валют. Дарэчы, менавіта апошняя прычына "піхае" уверх цэны на нерухомасць у нашых суседзяў. На пачатку кастрычніка сярэдні кошт аднаго квадратнага метра жылля ў Кіеве складаў 2483 даляраў, у Маскве – 4102 даляра.





