Элізабэт Шрoдтэр: «Беларускім уладам давядзецца лічыцца з апазіцыяй»
- 11.10.2007, 11:46
Дэпутат Еўрапарламента Элізабэт Шрoдтэр лічыць, што Еўрапейскі Марш мае вялікае значэнне для Беларусі. Акцыя пацвярджае наяўнасць сур'ёзнай апазіцыі ў Беларусі, лічыць дэпутат. Дзякуючы гэтай акцыі афіцыйныя ўлады змогуць пераканацца ў наяўнасці апазіцыйных сілаў у краіне, з якімі ім давядзецца сур'ёзна лічыцца.
Элізабэт Шрoдтэр у інтэрв'ю «Нямецкай хвалі» адзначыла, што дэмакратычныя інстытуты Еўропы такія акцыі толькі вітаюць.
«Еўрапейскі Марш з'яўляецца выказваннем дэмакратычнай волі народа, лічыць палітык. Ну, а ў Еўропе такія акцыі – звычайная з'ява. Маршы і дэманстрацыі служаць добрым спосабам прыцягнуць увагу ўлад да пэўнай палітычнай сітуацыі, нагадаць ім пра наяўнасць законаў. І калі такія акцыі праходзяць, гэта гаворыць пра наяўнасць дэмакратычнага патэнцыялу ў беларусаў. Таму Еўропе нельга пакідаць Беларусь без увагі і падтрымкі», – перакананая палітык.
Падтрымка беларусаў Еўропай будзе выказвацца ў прыцягненні ўвагі да гэтай акцыі грамадскасці як еўрапейскай, так і ўнутры краіны.
Напрыклад, еўрапейскія палітыкі зробяць шэраг заяў, што дапаможа акцыі набыць публічны характар, а публічнасць – гэта важны фактар улады. Беларусь мае патрэбу ў такім руху, лічыць Элізабэт Шрoдтэр.
Палітык выказала здагадку, што беларусы чакаюць дапамогі ад Еўропы, аднак такі падыход неканструктыўны. Дэмакратыю можна развіваць толькі ўнутранымі сіламі. І менавіта Еўрапейскі Марш з'яўляецца сігналам такога ўнутранага развіцця.
З сцвярджэннем, што для шматлікіх беларусаў дэмакратыя – паняцце размытае Элізабэт Шрoдтэр катэгарычна не пагадзілася.
На думку палітыка, беларусы ведаюць, што такое дэмакратыя і могуць самі яе ініцыяваць. Складанасць у тым, што ўлады ўвесь час чыняць беларусам перашкоды, ужываюць гвалт, палітычныя рэпрэсіі і запалохванне.
Элізабэт Шродтэр лічыць, што такія акцыі як Еўрапейскі Марш – гэта станоўчы пасыл у бок Еўропы. І калі ўрад дазволіць правесці яго мірна і спакойна, можна будзе казаць пра рух наперад.
Такі крок будзе сведчыць пра спробу ўлад весці дыялог, адзначыла палітык. А гэта – адна з умоў, неабходных для падтрымання стасункаў з Еўропай. Бо Еўропа не можа супрацоўнічаць з дыктатарскім рэжымам, які душыць людзей ва ўласнай краіне.