Ільхам Аліеў: «Каспійскі рэгіён – гэта адзіная альтэрнатыва паставак нафты і газу для Еўропы»
- 11.10.2007, 14:13
Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў лічыць неабходным падпісваць доўгатэрміновыя дамовы на пастаўку нафты і газу паміж спажыўцамі і вытворцамі. Пра гэта ён сказаў сёння, выступаючы на пленарным пасяджэнні Віленскай канферэнцыі па энергетычнай бяспецы Развіццё энергетычнага супрацоўніцтва з рэгіёнамі Каспійскага і Чорнага мораў: насустрач пашырэнню энергетычнага рынку.
Аліеў падкрэсліў, што Азербайджан гатовы супрацоўнічаць з Еўрапейскім Звязам, і, на яго думку, Каспійскі рэгіён – гэта адзіная альтэрнатыва паставак нафты і газу для Еўропы.
Аліеў лічыць, што краіны–вытворцы энерганосьбітаў павінны бачыць пэўную перспектыву развіцця рынку энергетыкі, таму ён і кажа пра неабходнасць доўгатэрміновых дамоўленасцяў. "Мы можам забяспечыць добрае партнёрства Азербайджана з ЕЗ", – падкрэсліў ён.
Аліеў адзначыў, што Азербайджан здабывае 1 млн барэляў нафты ў дзень, а таксама мае запасы двух трыльёнаў кубаметраў газу, якіх хопіць на 150 гадоў.
Ён пацвердзіў зацікаўленасць Азербайджана ў дабудоўцы нафтаправода Адэса-Броды-Гданьск, а таксама распавёў, што сёння ў Азербайджане вывучаюць пытанне ўдзелу ў праекце Набукка, які прадугледжвае будаўніцтва газаправода паміж Турэччынай і Аўстрыяй праз Румынію, Баўгарыю і Вугоршчыну.