14 снежня 2025, Нядзеля, 4:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ігар Рынкевіч: «Заўсёды можна прыцягнуць да адказнасці тых міліцыянтаў, якія ілжыва сведчаць, тых службовых асоб, якія выносяць пазапраўныя рашэнні»

12
Ігар Рынкевіч: «Заўсёды можна прыцягнуць да адказнасці тых міліцыянтаў, якія ілжыва сведчаць, тых службовых асоб, якія выносяць пазапраўныя рашэнні»

Фальсіфікацыя адміністрацыйных спраў супраць дэмакратычных актывістаў набыла ў Беларусі масавы характар. Амапаўцы і міліцыянты паслухмяна даюць лжывыя сведчанні на судах, што апазіцыянеры нібыта «брыдкасловілі», а суддзі ў сваю чаргу выносяць пазапраўныя прысуды да арышту. «Гэта недасканаласць рэпрэсіўнай сістэмы, пабудаванай рэжымам Лукашэнкі. Уласна, выдумаць нешта новае і не такое банальнае яны не могуць. Так званы «доказ» такога правапарушэння ідзе па простай схеме: міліцыянт гаворыць, што гэта адбылося, грамадзянскія асобы пра гэта ніколі не сведчаць. Калі хтосьці суправаджаў гэтага чалавека, то іх сведкавыя паказанні, як правіла, не ўлічваюцца. З юрыдычнага пункту гледжання, гэта як фальсіфікацыя доказаў, так і пазапраўнае прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці», – заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 вядомы юрыст, сустаршыня Грамадскай камісіі па рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій Ігар Рынкевіч.

«Яшчэ ў свой час Васіль Быкаў выказаў ідэю стварэння «серай кнігі», куды былі б занесеныя імёны гэтых "антыгероеў" нашага часу, тых міліцыянтаў, якія даюць лжывыя сведчанні, тых службовых асоб, якія выносяць пазапраўныя пастановы аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці. І, нягледзячы на тое, што тэрміны тут не як у крымінальным праве, тым не менш, калі зыходзіць з механізму Закона аб звароце грамадзян, заўсёды можна выкарыстаць прававыя механізмы і прыцягнуць да адказнасці такіх міліцыянтаў. Вельмі важна нагадаць, што такога чыну дзеянні міліцыянтаў і іншых службовых асоб не застануцца непакаранымі. І гаворка ідзе не толькі пра мараль, але і пра прававы механізм», – заявіў юрыст.

Ігар Рынкевіч раіць грамадзянам, супраць якіх былі сфальсіфікаваныя адміністрацыйныя справы, зафіксаваць акалічнасці так званага адміністрацыйнага правапарушэння – заручыцца падтрымкай сведак, зафіксаваць дадзеныя міліцыянтаў, захаваць усе дакументы, асабліва, пастанову аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці. Трэба таксама прайсці ўсю схему абскарджання дадзеных рашэнняў, аж да таго, што звяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН. «Чым больш скарг паступіць у ААН, тым хутчэй там зоймуцца нашым пытаннем», – гаворыць Рынкевіч.

«Калі даваць палітычную ацэнку таму ,што адбываецца, то відавочна, што гэта ўсё роўна ні да чаго не прывядзе. Таму што пасля прэзідэнцкай кампаніі 2006 года шмат людзей страцілі страх і забілі ў сабе рабоў. Упэўнены, што, калі мы будзем змагацца за свабоду, то ўлада змушаная будзе не тое што парламенцкія выбары праводзіць, а правядзе паўторныя прэзідэнцкія выбары», – лічыць юрыст.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках