Аляксандр Мілінкевіч заклікаў прыйсці на Кастрычніцкую плошчу
19- 11.10.2007, 18:09
Лідэр руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч выступіў з заявай напярэдадні Еўрапейскага Марша. “14 кастрычніка ў 14.00 мы сустрэнемся разам на Кастрычніцкай плошчы, каб прадэманстраваць сваю волю да Свабоды, свой еўрапейскі выбар. Потым пройдзем усе разам да дазволенага месца збору -- Акадэміі навук!”, -- заявіў Аляксандр Мілінкевіч.
Раней Аляксандр Мілінкевіч звярнуўся да беларускага народу:
Грамадзяне Беларусі!
14 кастрычніка галоўным праспектам сталіцы пройдзе Еўрапейскі Марш.
Гэта будзе Марш дзеля будучай свабоднай і еўрапейскай Беларусі. Гэта будзе пачатак нашага шляху ў свабодную і аб`яднаную Еўропу.
Звяртаюся да ўсіх: прыйдзіце на праспект і прадэманструйце сваю волю да Свабоды, свой свабодны еўрапейскі выбар.
Прашу жыхароў гарадоў і вёсак ахвяраваць гэты дзень Беларусі — вашай краіне, якую вы так любіце. Прыедзьце на Пакроў у сталіцу. Адчуйма разам дух і моц Свабоды.
Дзяўчаты і хлопцы! На цябе, наша моладзь, надзея! Слухайце сваё сумленне, рабіце дабро і нічога не бойцеся.
Маніфестацыі — самы эфектыўны спосаб барацьбы за свабоду. Седзячы ў хаце — нічога не даб’емся. Трэба выходзіць! Столькі, колькі спатрэбіцца, каб вызваліць саміх сябе і наш народ. Няма іншай рады. Свабоды трэба дамагчыся, яе трэба заслужыць. Так рабілі іншыя народы Еўропы. Сябры Беларусі з розных краінаў Еўропы прыедуць 14 кастрычніка ў Мінск, будуць разам з намі.
Звяртаюся да палітычных партыяў і грамадскіх арганізацыў, да кожнага: няхай побач са сцягамі Еўрасаюзу ў гэты дзень лунаюць нашы светлыя нацыянальныя сцягі, няхай на дэманстрацыі гучыць нацыянальная мова. Няхай на плакатах і лозунгах будуць адлюстраваныя нашы думкі. Няхай наша рашучасць і дух свабоды стануцца нашай самай магутнай зброяй!
Звяртаюся да тых, хто падтрымлівае цяперашні палітычны і эканамічны курс: прыйдзіце на галоўны праспект. Мы адна нацыя. У нас роўныя правы і супольная будучыня. Мы — еўрапейцы! Мы — гаспадары дзяржавы, мы — крыніца ўлады. Не будзе багатай і шчаслівай тая краіна, дзе грамадзянаў трымаюць за рабсілу. Падтрымайце еўрапейскі выбар для Беларусі!
Кожны год увесну грамадзяне выходзяць на вуліцу ў Дзень Волі 25 Сакавіка. Няхай ад гэтага году Пакроў, 14 кастрычніка, стане Днём еўрапейскага выбару беларусаў.
Ад свабоды выйграюць усе. Нават тыя, хто цяпер яе баіцца.
Вяртанне ў свабодную і заможную Еўропу — гарантыя захавання нашай незалежнасці і культуры, развіцця эканомікі, росту дабрабыта.
Будзем разам 14 кастрычніка!
Разам – да еўрапейскай будучыні Беларусі, будучыні нашых дзяцей і ўнукаў.