13 снежня 2025, Субота, 17:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Пуціна і Лукашэнкі не атрымоўваецца вырашыць праблемы

Урад Беларусі, нягледзячы на ранейшыя абяцанні, не пагадзіўся перайсці на адзіныя з Расеяй прынцыпы субсідавання нацыянальнага вытворцы. Пра гэта паведаміў міністр эканомікі Беларусі Мікалай Зайчанка.

Да 1 кастрычніка Расея і Беларусь так і не падпісалі пагадненне аб прынцыпах і правілах ужывання субсідый, як было прадугледжанае міжурадавым Пагадненнем аб развіцці гандлёва-эканамічных стасункаў, заключаных у сакавіку гэтага года. Кажучы пра гэта, міністр эканомікі Мікалай Зайчанка растлумачыў: «Ідуць няпростыя перамовы з Расеяй. Па ўзаемнай дамоўленасці мы прынялі рашэнне аб пераносе тэрмінаў яго падпісання». Па яго словах, Менск настойвае на тым, каб прынцыпы субсідавання ўлічвалі няроўнасць умоў гаспадарання ў дзвюх краінах, выкліканыя рознымі цэнамі на энерганосьбіты.

Як паведамілі «Независимой газете» эксперты, якія ўдзельнічаюць у перамовах, рознагалоссі ў бакоў сур'ёзныя. Пры гэтым Беларусь адыходзіць ад сваіх прынцыпаў не мае намеру. У той самы час іх прыняцце робіць дамоўленасці для Расеі бессэнсоўнымі. У прыватнасці, беларускія перагаворшчыкі хацелі б пакінуць сабе права субсідаваць прадпрыемствы, якія належаць дзяржаве, не разглядаць як забароненыя субсідыі, што атрымліваюць у абмен на павелічэнне долі дзяржавы, а таксама субсідыі, якія кампенсуюць суб'ектам розніцу ў цэнах на энерганосьбіты ў Расеі і Беларусі і нават розніцу ў падаткаабкладанні (у Беларусі яго ўзровень вышэйшы). Акрамя таго, беларускі бок гаворыць пра тое, што раней прынятыя праграмы, якія прадугледжваюць дзяржаўную падтрымку, павінны захаваць сваё дзеянне да 2011 года. Падпісанне пагаднення з агаворкамі, прапанаванымі беларускім бокам, значыла б фактычнае захаванне цяперашняга становішча спраў. А таму пагадненне ў такім выглядзе наўрад ці цікавае расейскаму боку.

Глыбінная прычына рознагалосся ў нежаданні беларускага ўрада адмаўляцца ад падтрымкі нацыянальнага вытворцы. Раней незалежныя эксперты неаднаразова казалі пра тое, што беларуская эканоміка, якая на 80% належыць дзяржаве, надзвычай неэфектыўная. Нягледзячы на тое, што афіцыйная статыстыка прапаноўвае невысокі працэнт стратных прадпрыемстваў, насамрэч стратная прыкладна траціна прамысловасці. У гэтым, дарэчы, прызнаваўся падчас аднаго з пасяджэнняў урада прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі. Аднак пачаць рынкавыя рэформы, даць свабоду прадпрымальніцтву, запрасіць інвестараў, што стала б крыніцай эканамічнага росту, Аляксандр Лукашэнка пакуль не гатовы. «Гэта прывяло б да страты ўплыву асабіста Лукашэнкі, які любіць выступаць у ролі дабрадзея, вылучаючы з бюджэту сродкі то аднаму, то другому прадпрыемству, – гавораць мясцовыя палітолагі. – Моцная і незалежная эканоміка, з высокай доляй прыватнай уласнасці – пагроза бязмежнай уладзе Лукашэнкі».

Раней «НГ» пісала пра іншае рознагалосся расейскага і беларускага бакоў па гандлёва-эканамічнаму пагадненню. Абяцаўшы пад пагрозай высокіх цэнаў на энерганосьбіты адкрыць свой рынак для расейскага вытворцы, Беларусь спрабуе яго выканаць, але пры гэтым захаваць кантроль над стратэгічнымі рынкамі. У прыватнасці, гаворка ідзе пра тытунёвы і рыбны рынак. Нягледзячы на змяненні заканадаўства аб тэндэрах, эксперты канстатуюць наяўнасць праблем і там: доля расейскіх вытворцаў сярод пераможцаў конкурсаў па дзяржаўным закупкам таксама малаважная, як і раней. «Я пагляджу, як вы будзеце выконваць гэтае пагадненне», – казаў Аляксандр Лукашэнка ўраду, папракаючы яго ў тым, што ён з спалоху пагадзіўся на невыгодныя для краіны ўмовы. Вось урад і імкнецца.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках