13 снежня 2025, Субота, 17:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БХК заклікае Мінюст да супрацоўніцтва

РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» (БХК) з цікавасцю назірае за дзейнасцю па новым праекце Праграмы развіцця ААН (ПРААН) «Садзейнічанне шырэйшаму ўжыванню міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека ў працэсе адпраўлення правасуддзя ў Рэспублікі Беларусь», фінансаванаму Еўрапейскай камісіяй, ПРААН і Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ). Выканаўчай арганізацыяй гэтага двухгадовага праекту з'яўляецца Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Дзейнасць па праекце, закліканаму палепшыць сістэму правасуддзя ў Беларусі, пачалася ў верасні і ўключае вырашэнне такіх важных задач, як удасканаленне сістэмы адпраўлення правасуддзя ў Беларусі пасродкам: 1) пашырэння доступу працаўнікоў сістэмы правасуддзя да інфармацыі аб міжнародных стандартах у галіне правоў чалавека і адпаведнаму прэцэдэнтнаму праву; 2) азнаямлення з перадавым міжнародным досведам; 3) выпрацоўкі рэкамендацый па далейшым удасканаленні нацыянальнага заканадаўства і праваўжывальнай практыкі; 4) падвышэння разумення грамадствам ролі судовай улады ў дэмакратычнай прававой дзяржаве.

У склад Кардынацыйнага савета праекту ўваходзяць прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі, Генеральнай пракуратуры, Канстытуцыйнага Суду і Рэспубліканскай калегіі адвакатаў. Здзяйсняцца праект будзе ў супрацоўніцтве з Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтрам законапраектнай дзейнасці, Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі і ўстановамі.

З паведамленняў СМІ стала вядома пра правядзенне ў рамках праекту двух семінараў, на якіх абмяркоўваліся пытанні судаўладкавання і статусу суддзяў, а таксама ўжывання міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека ў працэсе адпраўлення правасуддзя. На жаль, арганізатары мерапрыемстваў не прадугледжваюць удзелу ў іх зацікаўленых грамадскіх аб'яднанняў і журналістаў.

БХК лічыць, што актуальнасць праекту ПРААН у Беларусі пацвярджаецца вынікамі даследаванняў Спецыяльнага дакладчыка ААН па незалежнасці суддзяў і адвакатаў, а таксама экспертаў іншых міжнародных арганізацый, што робіць асоба важным яго якасную рэалізацыю, якая прадугледжвае ўдзел экспертаў, што прадстаўляюць і дзяржаўны, і недзяржаўны сектары, у паўнавартасным абмеркаванні пытанняў і сумеснай выпрацоўцы іх рашэнняў.

БХК звяртаецца да Еўрапейскай камісіі, ПРААН, Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) і да Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь з заклікам дапусціць да ўдзелу ў рэалізацыі праекту арганізацыі, якія працуюць у галіне правоў чалавека, і ўключыць экспертаў БХК і іншых праваабарончых арганізацый у групу нацыянальных экспертаў, якая стане займацца дэталёвым вывучэннем праблемных пытанняў і выпрацоўкай рэкамендацый па ўдасканаленні адпаведных норм права і практыкі іх ужывання.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках