Грошай зусім няма: прадаюцца акцыі «Белтрансгаза»
- 2.10.2007, 11:29
У Міністэрстве фінансаў і Міністэрстве энергетыкі Беларусі разглядаецца пытанне аб датэрміновым продажы 50-працэнтнага пакета акцый "Белтрансгаза" з мэтай пагашэння бюджэтнага дэфіцыту ў 2008 годзе. Асноўнай прычынай дэфіцыту можа стаць пагаршэнне мікра- і макраэканамічнай сітуацыі ў краіне пасля падвышэння цэнаў на энерганосьбіты.
Датэрміновы продаж акцый беларускага газатранспартнага манапаліста можа прынесці ў бюджэт не 625 млн. даляраў, а адразу 1,875 млрд. даляраў, паведамляе "Завтра твоей страны".Такім чынам, дзяржава атрымае сродкі для вырашэння асобных і найбольш праблемных тэм у кароткатэрміновы перыяд, лічаць эксперты.
Раней Тэлеграф паведамляў, што беларускі ўрад вядзе перамовы з Расеяй па падаванні Беларусі крэдыту ў 1,5 млрд. даляраў.
Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў заявіў, што Беларусь адмовілася на пачатку 2007 года ад стабілізацыйнага крэдыту, які прапанавала Расея. "А потым беларускі бок заявіў, што яму трэба паўтара мільярда", – сцвярджае расейскі дыпламат. Па словах Аляксандр Сурыкава, Беларусь дагэтуль не абгрунтавала неабходнасць атрымання крэдыту.
"Беларусь не змагла абгрунтаваць яго як стабілізацыйны крэдыт або крэдыт на касавы разрыў бюджэту. Прапанавала фармулёўку: "на разлікі па газе". Каму крэдыт? Белтрансгазу? Мы гэтым ніколі не займаліся", – заявіў у інтэрв'ю "Інтэрфаксу" Аляксандр Сурыкаў.
"Калі ёсць неабходнасць у крэдыце, то Расея гатовая яго даць беларускаму боку. Але беларускі бок павінен пералічыць падставы для атрымання гэтага крэдыту. Дэфіцыту бюджэту няма, ёсць прафіцыт", – лічыць амбасадар РФ у Беларусі.