Лідэры партый прарваліся ў «парламент»
- 2.10.2007, 13:13
Лідэрам Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Партыі камуністаў Беларускай і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) – Анатолю Лябедзьку, Сяргею Калякіну і Анатолю Ляўковічу – атрымалася патрапіць у будынак «палаты прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу», каб перадаць подпісы грамадзян супраць адмены ільгот.
Яны прыйшлі да будынка «парламента», размешчанага на плошчы Незалежнасці, дзе 2 кастрычніка пачалася восеньская сесія ніжняй «палаты», у суправаджэнні прадстаўнікоў 40 выбарчых акруг краіны, каб перадаць подпісы «дэпутатам».
Нагадаем, дэпутаты «палаты прадстаўнікоў» у канцы траўня 2007 года практычна аднагалосна прынялі закон, які адмяняе льготы розным катэгорыям грамадзян. Закон павінен уступіць у сілу 17 снежня.
Людзі ў цывільным і супрацоўнікі палка міліцыі спецыяльнага прызначэння (былы АМАП) не прапускалі А.Лябедзьку ў будынак «парламента». Ён прыйшоў ледзь пазней за С.Калякіна і А.Ляўковіча, якія ўжо паспелі ўвайсці ў будынак. Аднак пасля кароткай сутычкі лідэру АГП таксама атрымалася патрапіць у «парламент».
Як паведаміў С.Калякін, усяго былі сабраныя больш за 40 тыс. подпісаў і для іх перадачы сёння ў Менск прыехалі прадстаўнікі 40 выбарчых акруг краіны. Яны ініцыююць водгук «дэпутатаў», калі льготы не будуць вернутыя.