Станіслаў Шушкевіч: «У Расеі з'явіўся правадыр»
- 2.10.2007, 15:41
«Расея цяпер будзе мець правадыра з усімі выцякаючымі наступствамі», – падкрэсліў экс-старшыня Вярхоўнай Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч, каментуючы па просьбе АФН заявы расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна на з'ездзе «Единой России».
«Увесь з'езд “единороссов” так і выглядаў, што ў Расеі акрамя прэзідэнта ўжо ёсць і правадыр», – адзначыў лідэр БСДГ.
«Прэзідэнтам ён (Пуцін) перастане быць, а правадыром застанецца», – канстатаваў Станіслаў Шушкевіч.
Нагадаем, што ўчора на з'ездзе «Единой России» Уладзімір Пуцін заявіў, што згодны стаць кіраўніком урада Расеі.
"Узначаліць урад – гэта рэалістычная ідэя, але пра гэта пакуль рана думаць. Для гэтага патрэбныя, прынамсі, два складальнікі", – сказаў Уладзімір Пуцін, адказваючы на прапанову "единороссов", якая прагучала на з'ездзе. Паводле яго слоў, у першую чаргу, "Единая Россия" павінна перамагчы на парламенцкіх выбарах гэтага года. Па-другое, прэзідэнтам краіны павінен быць абраны прыстойны, дзеяздольны і эфектыўны чалавек, у пары з якім Пуцін цалкам здолеў бы працаваць у якасці прэм'ера.
Прэзідэнт Расеі таксама прыняў прапанову "единороссов" узначаліць партыйны спіс гэтай палітычнай сілы, у той самы час падкрэсліўшы, што не хоча губляць статус беспартыйнага.