«Кампэнсавалі» паўгады жыцця за кратамі
5- 2.10.2007, 16:33
Абвінавачванні ў арганізацыі выбухаў, што адбыліся два гады таму ў Віцебску, з братоў Мурашкаў былі знятыя цалкам. За 6 месяцаў знаходжання ў следчым ізалятары ім выплацілі кампенсацыю. Новым падазроным па гэтай справе стаў маёр УКДБ па Віцебскай вобласці Андрэй Дзямідаў, дарэчы, былы ўдзельнік следчай групы па расследаванні тых самых выбухаў.
Варта зазначыць, што арыштавалі Андрэя Дзямідава яшчэ ў ліпені. Але пра новага падазронага стала вядома толькі некалькі дзён таму, калі пракуратура вымушаная была падоўжыць тэрмін ягонага ўтрымання пад вартай да 19 лістапада. Афіцыйна маёра КДБ абвінавачваюць у “захоўванні выбуховых рэчываў па папярэдней змове групай асобаў” (частка 3 арт.295 КК). Але, па словах жонкі Наталлі Дзямідавай, следчыя таксама правяраюць версію прыналежнасці яго і да арганізацыі выбухаў.
Прычынай затрымання сталі паказанні жыхара Віцебску, нейкага Глушакова, у гаражы якога былі знойдзеныя патроны, выбуховыя рэчывы ды іншая зброя. Адвакат Андрэя Дзямідава Міхаіл Замалін сцвярджае, што такім чынам “чорны археолаг” Глушакоў, які меў пэўныя стасункі з маёрам, спрабуе адвесці падазрэнні ад сябе.
Дарэчы, Глушакоў знаходзіцца пад вартай у тым жа СІЗА, што і маёр Дзямідаў. Па словах адваката, у іх ужо была вочная стаўка але вынікі яе невядомыя. Адвакат упэўнены, што доказаў віны ягонага падабароннага ў следства недастаткова.
Між тым, як стала вядома Еўрарадыё, былым падазроным па справе прыналежнасці да выбухаў у Віцебску братам Мурашкам за 6 месяцаў знаходжання ў следчым ізалятары выплацілі, па словах Юр’я Мурашкі, “дастатковую” кампэнсацыю.
Гаварыць на тэму, ці рабіўся падчас следства на братоў псіхалагічны альбо фізічны ціск, Юры Мурашка катэгарычна адмовіўся. Сказаў толькі, што марыць усё забыць, як страшны сон. Як скончыцца гэты “сон” для маёра Дзямідава, казаць пакуль рана. Але калі станоўча, то ён таксама мае шанец атрымаць “дастатковую” кампенсацыю.