Апошні дыктатар Еўропы супраць Еўрапейскага Марша
13- 2.10.2007, 19:44
Сябра аргкамітэта Еўрапейскага Марша Зміцер Бародка, дэмакратычны актывіст Леанід Навіцкі і праваабаронца Святлана Гарахавік прысуджаныя сёння судом Цэнтральнага раёна Менска да арышту ў 15 сутак. Арыштоўвалі актывістаў па абсалютна ілжывым абвінавачванням. Прысуды вынесла суддзя Таццяна Паўлючук.
Леаніда Навіцкага, Змітра Бародку і Святлану Гарахавік затрымалі 1 кастрычніка, у 17.30 у раёне Менскага трактарнага завода. Два аўтамабілі, у якіх ехалі апазіцыянеры, спынілі супрацоўнікі ДАІ. Міліцыянты падселі ў машыны да затрыманых і адвезлі іх у Цэнтральны РУУС Менска. Сёння раніцай актывісты змаглі азнаёміцца з пратаколамі. У іх гаворыцца, што актывісты нібыта затрымліваліся на вуліцы Заслаўскай супрацоўнікамі палка міліцыі спецыяльнага прызначэння (былы АМАП). Апазіцыянеры нібыта распаўсюджвалі газеты, а на заўвагі амапаўцаў рэагавалі нецэнзурнай лаянкай. Але ў гэты час актывісты знаходзіліся ў зусім другім месцы – ля Менскага трактарнага завода, дзе іх і затрымалі!
Улады пайшлі традыцыйным шляхам, арыштоўваючы патэнцыйна актыўных грамадзян напярэдадні масавых акцый, беспадстаўна вінавацячы іх у "хуліганстве". Так было ў 2006 годзе напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, таксама адбывалася сёлета перад Днём Волі. Да якога часу будзе працягвацца цынічная хлусня супрацоўнікаў АМАПа? Хлуслівыя сведчанні сёння ў судзе давалі камандзір узвода АМАПа Сяргей Немагай і шэраговы супрацоўнік АМАПа Аляксандр Круглікаў.
"Нябёсы вас пакараюць", – сказаў на судзе Зміцер Бародка, нагадаўшы амапаўцам пра 8-ю біблейскую запаведзь -- "Не сведчы ілжыва супраць бліжняга свайго".
Адзначым, што Леанід Навіцкі ў дзень арышту 1 кастрычніка толькі выйшаў на свабоду пасля 10 сутак знаходжання ў спецпрыёмніку-размеркавальніку на Акрэсціна. Тады актывіста затрымалі за захоўванне 100 сцягоў Еўразвяза, але асудзілі таксама па артыкуле "хуліганства". Такім чынам, апазіцыянеру давядзецца правесці за кратамі 25 сутак запар!
Як вядома, дэмакратычныя сілы Беларусі прапанавалі ўладам дыялог і сумеснае правядзенне Еўрапейскага Марша, які пройдзе ў Менску 14 кастрычніка. Мэты акцыі – дэманстрацыя еўрапейскага выбару беларусаў і заклік да ўлад прыняць 12 прапаноў Еўразвяза па дэмакратызацыі краіны.
Ініцыятыву правядзення ў Беларусі Еўрапейскага Марша прывітаў Еўрапейскі Звяз. "Я вітаю ініцыятыву грамадзянскай супольнасці Беларусі правесці 14 кастрычніка ў Менску Еўрапейскі Марш для таго, каб прадэманстраваць зацікаўленасць беларускага народа ва ўсталяванні цесных стасункаў паміж Беларуссю і ЕЗ. Прыемна бачыць, што грамадзянская супольнасць Беларусі пазітыўна адрэагавала на прапановы ЕЗ пачаць паўнапраўнае партнёрства пры ўмове, што беларускі ўрад зробіць істотныя крокі на шляху дэмакратызацыі", – заявіла Камісар Еўразвяза па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Беніта Ферэра-Вальднер.
Пры гэтым еўракамісар выказала занепакоенасць арыштамі беларускіх апазіцыянераў напярэдадні Марша. "У гэтай сувязі ў мяне выклікаюць занепакоенасць паведамленні пра затрыманні арганізатараў мірнага Еўрапейскага Марша. Я чакаю, што беларускія ўлады будуць дзейнічаць згодна з іх зноў пацверджанай пазіцыяй з нагоды збліжэння з ЕЗ. Згаданыя дзеянні супярэчаць такой пазіцыі", – сказала Беніта Ферэра-Вальднер.
Дзеянні беларускіх улад, сапраўды, пазбаўленыя якой-небудзь логікі. З аднаго боку, Аляксандр Лукашэнка і шматлікія вышэйшыя беларускія службоўцы гучна заяўляюць пра гатоўнасць развіваць супрацоўніцтва з Еўразвязам. З другога – развязваюць рэпрэсіі супраць праеўрапейску настроеных грамадзян краіны.
Словы Лукашэнкі відавочна разыходзяцца з справай. Мірны Еўрапейскі Марш стаў бы лепшым доказам шчырасці намераў улад пайсці насустрач Еўропе. Арышты і затрыманні дэмакратычных актывістаў толькі аддаляюць Беларусь ад еўрапейскай перспектывы. Відаць, апошні дыктатар Еўропы збіраецца змагацца з Еўрапейскім Маршам.

Святлана Гарахавік

Зміцер Бародка

Леанід Навіцкі