Расея рыхтуецца перакінуць у Беларусь свае войскі і ракеты?
16:02, — Палітыка
Па выніках пасяджэння сумеснай калегіі міністэрстваў абароны РФ і Беларусі кіраўнік абароннага ведамства Расеі Анатоль Сярдзюкоў заявіў пра тое, што Беларусь застаецца прыярытэтным партнёрам Расеі ў рамках АДКБ. Ён, у прыватнасці, пацвердзіў абавязальніцтвы расейскага боку па пастаўках ваеннай тэхнікі на ільготных умовах, а таксама выступіў за інтэнсіфікацыю працэсу стварэння адзінай абароннай прасторы. Расейскія эксперты лічаць, што гэта можа азначаць, што Расея мае намер неўзабаве актывізаваць стварэнне адзінай з Беларуссю сістэмы СПА.
«Цяпер больш рэальным уяўляецца пасоўванне вайсковага супрацоўніцтва Расеі з Беларуссю па асобных кірунках. Гэта стварэнне адзінай сістэмы СПА, адзінай групоўкі ВПС на заходнім кірунку, кардынальнае пашырэнне супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай сферы ад сумеснай распрацоўкі ваеннай тэхнікі, яе эксплуатацыі і мадэрнізацыі да ўтылізацыі», – заявіў дырэктар Інстытута стратэгічных ацэнак і аналізу Вагіф Гусейнаў.
Масква пры дапамозе Менска можа таксама падрыхтаваць "годны" адказ размяшчэнню амерыканскіх ПРА, нават не звяртаючыся да выхаду з Дамовы аб знішчэнні ракет сярэдняй і малой далёкасці, якую на Захадзе дагэтуль называюць «краевугольным каменем еўрапейскай бяспекі». «Расея цалкам можа разгарнуць свае ракеты сярэдняй далёкасці ў Беларусі, бо менавіта РФ з'яўляецца правапераемніцай СССР і нясе абавязальніцтвы па дамове. Менск жа не трапляе пад уздзеянне дамовы», – распавёў РБК daily эксперт пецярбургскай групы «Канструяванне будучыні» Сяргей Баравікоў.
«На жаль, Беларусь ужо цягам шматлікіх гадоў сыходзіць ад стварэння адзінай з Расеяй сістэмы супрацьпаветранай абароны. Яе план быў дэталёва распрацаваны яшчэ ў 90-я гады мінулага стагоддзя. Аднак дагэтуль гэтай сістэмы не існуе. Я б хацеў, каб Расея пастаралася стварыць гэтую сістэму з Беларуссю, таму што яна вельмі важная з пункту гледжання падвышэння іх абароназдольнасці. Неабходна шукаць кампраміс з беларускім кіраўніцтвам. Апошняе больш за ўсё асцерагаецца, што адзінае камандаванне гэтай сістэмы будзе знаходзіцца ў Маскве. І гэта істотна стрымлівае пасоўванне праекту. Што тычыцца паставак узбраення, то Расеі, на мой погляд, варта працягнуць аказанне ваенна-тэхнічнай дапамогі Беларусі (роўна як і іншым краінам АДКБ). Бо іх уласны патэнцыял недастатковы для таго, каб пакрываць іх запатрабаванні ў сучасных сістэмах, комплексах і ўзбраеннях», – заявіў у інтэрв'ю расейскім СМІ загадчык аддзелам Беларусі Інстытута краін СНД Аляксандр Фадзееў.
Другім пытаннем, якое актыўна мусіруецца апошнім часам, з'яўляецца магчымасць размяшчэння на тэрыторыі Беларусі расейскіх стратэгічных сілаў ядзернага стрымлівання. «Гэтая тэма стала асабліва актуальная ў сувязі з апошнімі падзеямі вакол размяшчэння элементаў амерыканскай ПРА ва Усходняй Еўропе. З майго пункту гледжання, такога вырашэння праблемы амерыканскай ПРА не існуе, бо размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі рэспублікі супярэчыла б яе Канстытуцыі, у якой замацаваны яе бяз'ядзерны статус. Акрамя таго, Беларусь заявіла пра сваё імкненне да нейтралітэту. Таму нават на заканадаўчым узроўні гэтае немагчыма. Да таго ж гэта не адказвае і расейскім інтарэсам, бо ўсялякае размяшчэнне ядзернай зброі прадугледжвае вырашэнне цэлага шэрагу праблем і прывядзе да ўзнікнення дадатковых цяжкасцяў. Яны звязаныя з гарантыямі бяспекі ў захоўванні гэтых ракет», – гаворыць Фадзееў.
На думку расейскага палітолага, варта ўлічваць, што ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра наступальную ядзерную зброю, а не пра проціракетныя сістэмы, якія такая зброя збівае. Ядзерная зброя не можа высоўвацца ў перадавыя раёны. Бо ў такім разе падвышаецца небяспека паразы размешчаных ракет.
«Цяпер Беларусь мяжуе з дзяржавамі, якія ўступілі ў НАТА, таму расейская ядзерная зброя не павінна размяшчацца ў памежных раёнах. Акрамя таго, пакуль не будуць занесеныя адпаведныя змены на заканадаўчым узроўні ў Канстытуцыю Беларусь, казаць пра размяшчэнне тут ядзернай зброі няма сэнсу. Што тычыцца сумеснай сістэмы ПРА, то сёння комплексы супрацьпаветранай абароны шмат у чым дубліруюць функцыі сістэм проціракетнай абароны. Так што я б не аддзяляў стварэнне адзінай расейска-беларускай сістэмы супрацьпаветранай абароны ад стварэння сумеснай расейска-беларускай ПРА. Сучасныя комплексы СПА такія, што яны аднолькава паспяхова спраўляюцца з знішчэннем лятальных апаратаў любога тыпу», – заявіў Фадзееў.





