9 чэрвеня 2026, aўторак, 4:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На парадку дня – вызваленне палітвязняў

Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Сухайр Белхасен, якая знаходзіцца з візітам у Менску з 29 кастрычніка па 1 лістапада, звярнулася да міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава з просьбай дазволіць ёй сустрэну з лідэрам арганізацыі "Малады фронт" Змітром Дашкевічам, які знаходзіцца ў зняволенні. Пра гэта паведаміў паплечнік Дашкевіча Барыс Гарэцкі на прэс-канферэнцыі 30 кастрычніка.

Паводле яго слоў, спадарыня Белхасен цяпер чакае адказу з МУС. "Гэтая сустрэча тым больш важная, што неўзабаве будзе прызначаная дата суду па другой справе, узбуджанай ў дачыненні Змітра Дашкевіча. Мы спадзяемся, што зварот Сухайр Белхасен неяк паўплывае на беларускія ўлады", – адзначыў Б.Гарэцкі.

Як растлумачыў праваабаронца Алесь Бяляцкі, сваё жаданне сустрэцца з Дашкевічам С.Белхасен выказала ў просьбе аб сустрэчы з прадстаўнікамі МУС. "Аднак мы дагэтуль не атрымалі адказу з МУС ні наконт сустрэчы, ні наконт магчымасці наведвання З.Дашкевіча", – сказаў праваабаронца.

Пачалася міжнародная кампанія салідарнасці з лідэрамі арганізацыі "Малады Фронт" Змітром Дашкевічам і Артурам Фінькевічам. Пра гэта таксама паведаміў актывіст моладзевага дэмакратычнага руху Барыс Гарэцкі на прэс-канферэнцыі ў Менску 30 кастрычніка.

Паводле яго слоў, адвакат Дашкевіча Аляксандр Галіеў накіраваў ліст у Міжнародную асацыяцыю адвакатаў з нагоды ўжывання ў Беларусі артыкула Крымінальнага кодэкса 402 (адмова альбо ўхіленне сведкі або пацярпелага ад дачы сведчанняў), які прадугледжвае пакаранне да трох гадоў пазбаўлення свабоды. "Справа ў тым, што такі артыкул практычна не ўжываўся ў Беларусі. Таму мы вырашылі атрымаць заключэнне міжнародных экспертаў наконт правамернасці яе ўжывання да Змітра Дашкевіча", – адзначыў Б.Гарэцкі.

У рамках кампаніі створаны інтэрнэт-сайт, прысвечаны Дашкевічу. Акрамя таго, на наступным тыдні павінна адбыцца сустрэча амбасадараў краін Еўразвяза з беларускімі палітыкамі, на якой плануецца падняць пытанне аб становішчы “маладафронтаўцаў” З.Дашкевіча і А.Фінькевіча.

У сваю чаргу лідэр аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч распавёў, што ў мінулыя выходныя ён прысутнічаў на з'ездзе Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны (СДПН), якая ўваходзіць у кіруючую кааліцыю Нямеччыны. Па словах Статкевіча, на кожнай сустрэчы з нямецкімі палітыкамі сярод першых паднімалася пытанне аб праблемах З.Дашкевіча і А.Фінькевіча.

Нагадаем, што лідэр "Маладога Фронту" З.Дашкевіч адбывае пакаранне ў шклоўскай калоніі агульнага рэжыму № 17. 1 лістапада 2006 года ён быў прызнаны вінаватым па артыкуле 193-1 Крымінальнага кодэкса (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі) і асуджаны на паўтара года пазбаўлення свабоды. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

Новая крымінальная справа ў дачыненні моладзевага актывіста была заведзеная яшчэ 14 жніўня па артыкуле 402 (адмова альбо ўхіленне сведкі або пацярпелага ад дачы сведчанняў альбо эксперта або перакладчыка ад выканання ўскладзеных на іх абавязкаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Дашкевіч адмовіўся даваць сведчанні па крымінальнай справе, узбуджанай у дачыненні Івана Шылы, які таксама абвінавачваўся ў дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі "Малады Фронт" (4 верасня Шыла быў прызнаны вінаватым, суд вынес яму афіцыйнае папярэджанне). Артыкул 402 КК прадугледжвае пакаранне да трох гадоў пазбаўлення свабоды.

Артур Фінькевіч быў прысуджаны да двух гадоў абмежавання свабоды 10 траўня 2006 года за "злоснае хуліганства", якое, на думку суду, было ў тым, што ён нанёс на сцяну будынка надпіс «Мы хочам новага!» і «Дастаў!»

26 кастрычніка стала вядома, што ў дачыненні Фінькевіча ўзбуджаная новая крымінальная справа па артыкуле 415 (ухіленне ад адбыцця пакарання ў відзе абмежавання волі). Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ў відзе пазбаўлення свабоды да трох гадоў.

Праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" прызнала Дашкевіча і Фінькевіча вязнямі сумлення.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках