Віктар Івашкевіч: «Будзеш сядзець у хаце, значыць — раб»
31- 4.10.2007, 12:15
“Ты —эўрапеец?! Выйдзі, прадэманструй сваю пазыцыю. А будзеш сядзець у хаце, значыць — раб” , -- заявіў намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч падчас прэс-канфэрэнцыі ў Менску.
Старшыня аргкамітэту Эўрапейскага Маршу Віктар Івашкевіч паведаміў журналістам, што, нягледзячы на затрыманьні інфармацыйных матэрыялаў (газэтаў, улётак, налепак з заклікам удзельнічаць у Эўрапейскім Маршы), людзі ведаюць пра акцыю, якая адбудзецца 14 кастрычніка ў Менску.
“Колькі выйдзе людзей? Столькі, колькі людзей у Менску лічаць сябе эўрапейцамі. Цяпер ад кожнага грамадзяніна залежыць — пойдзе Беларусь эўрапейскім шляхам, ці мы будзем заставацца людзьмі на балоце. Выйдзе 100 тысяч — жалезна Беларусь пойдзе тым кірункам. Выйдзе адна тысяча — толькі адзін працэнт ёсьць таго, што Беларусь пойдзе эўрапейскім шляхам. Так, кожны чалавек – гэта тая доля працэнту, якая будзе ўплываць на сытуацыю. Няма чаго апраўдваць сваю ляноту і безыніцыятыўнасьць тым, што апазыцыя не такая, лёзунгі ня тыя, маршрут не такі… Ты —эўрапеец?! Выйдзі, прадэманструй сваю пазыцыю. А будзеш сядзець у хаце, значыць — раб” , -- заявіў палітык.
Сябры аргкамітэту заявілі пра падтрымку акцыі міжнароднай супольнасьцю, паведамляе “Радыё Свабода”. Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі, што на акцыю плянуюць прыехаць прадстаўнікі эўрапейскіх структураў.
“Дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту, нацыянальных парлямэнтаў суседніх з намі краінаў Эўразьвязу. Запрошаныя сьпікер Эўрапарлямэнту Ханс-Герт Пётэрынг, прадстаўнікі эўракамісіі, мы запрашаем дакладчыкаў па Беларусі з розных асамблеяў, а таксама дакладчыка па Беларусі Андрэа Рыгоні. Ён прыняў рашэньне прыехаць у Беларусь, але ён прыедзе пасьля “Эўрапейскага маршу” — 16—17-га. Запрошаныя таксама прэзыдэнт Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Горан Ленмаркер”.
Людзі зьбяруцца на Кастрычніцкай плошчы, і адтуль калёна пройдзе ў бок Нацыянальнай бібліятэкі.
“Месца, дзе будуць зьбірацца людзі, для нас вельмі важнае. Усе магутныя падзеі адбываліся якраз на Кастрычніцкай плошчы. Што тычыцца руху, то сам праспэкт больш прыдатны для вялікай колькасьці людзей. Туды, куды мы ідзем, — помнік Скарыну”, -- заявіў лідэр АГП Анатоль Лябедзька.