13 снежня 2025, Субота, 17:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вешнякоў страціў пасаду праз Лукашэнку

Вешнякоў страціў пасаду праз Лукашэнку

На саміце СНД, які пройдзе ў Душанбе, так і не адбудзецца прызначэння Аляксандра Вешнякова на пасаду выканаўчага сакратара Садружнасці. Прычына – у катэгарычным нежаданні Аляксандра Лукашэнкі бачыць экс-кіраўніка расейскага ЦВК на пасадзе сакратара СНД.

Пра намер Масквы замяніць цяперашняга выканаўчага сакратара СНД, былога кіраўніка МУС РФ Уладзіміра Рушайлу на Аляксандра Вешнякова, які страціў у сакавіку пасаду старшыні Цэнтрвыбаркама, стала вядома на пачатку чэрвеня. Аднак да абмеркавання гэтага пытання на саміце Садружнасці, які адбыўся ў сярэдзіне чэрвеня ў Санкт-Пецярбургу, справы так і не дайшло. Проста перад пачаткам сустрэчы Аляксандр Лукашэнка абвясціў Уладзіміру Пуціну і кіраўніку Казахстана Нурсултану Назарбаеву, які з'яўляецца старшынёй у СНД, што ён катэгарычна супраць кандыдатуры спадара Вешнякова (для прыняцця такога рашэння неабходны кансенсус усіх лідэраў Садружнасці), – піша «Коммерсант».

Масква тады на канфлікт не пайшла, але ў структурах выканкама СНД казалі, што спроба дамовіцца з кіраўніком Беларусі яшчэ будзе распачатая. Аднак апошнюю адмову Лукашэнкі можна лічыць канчатковым. Як кажуць крыніцы «Коммерсанта», прычынай гэтага па-ранейшаму з'яўляецца настойлівае нежаданне Лукашэнкі працаваць з Вешняковым.

Сам Аляксандр Вешнякоў учора ад якіх-небудзь каментараў адмовіўся. А сябры ЦВК, якія працавалі пад яго кіраваннем, у неафіцыйных гутарках з «Ъ» выказалі здагадку, што прычынай незадаволенасці афіцыйнага Менска экс-кіраўніком ЦВК магла стаць праца расейскіх назіральнікаў на выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2001 годзе. Тады дэлегацыя пад кіраўніцтвам спадара Вешнякова, у адрозненне ад Захаду, дала ў цэлым пазітыўную характарыстыку выбарам, аднак адзначыла, што некалькі перадвыбарных дэкрэтаў прэзідэнта Беларусі выглядалі як парушэнне канвенцыі аб выбарах, прынятай краінамі СНД. У прыватнасці, назіральнікі звярнулі ўвагу на скарачэнне правоў кандыдатаў на агітацыю, а таксама магчымасцяў для правядзення мітынгаў і шэсцяў. Да таго ж пяць гадоў таму Беларусь апынулася адзіным сябрам СНД, які не ратыфікаваў канвенцыю аб выбарах, складзеную з ініцыятывы Цэнтрвыбаркама РФ і асабіста Аляксандра Вешнякова.

"Вельмі шкада, што кіраўніцтва Беларусі заняло такую пазіцыю. Хоць я лічу, што Аляксандр Альбертавіч мог бы заняць і гэтую, і любую іншую дзяржаўную адказную пасаду, бо ў яго ёсць для гэтага і досвед, і веды", – заявіла «Ъ» экс-сакратар ЦВК Вольга Застрожная.

Паводле звестак газеты, у якасці кампенсавання Аляксандру Вешнякову будзе прапанаваная пасада амбасадара ў адной з еўрапейскіх краін. Варта нагадаць, што, напрыклад, адзін з яго папярэднікаў на пасадзе кіраўніка ЦВК Мікалой Рабаў па заканчэнні сваіх паўнамоцтваў быў накіраваны амбасадарам у Чэхію.

У сваю чаргу, як піша «Московский Комсомолец», былога кіраўніка ЦВК адправяць дакладна не ў Беларусь і не на Мальту (некалькі гадоў таму хадзілі чуткі, што Аляксандр Альбертавіч стане амбасадарам на Мальце).

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках