Валянцін Голубеў: Дыялёг лепш, чым канфрантацыя
- 4.10.2007, 14:01
Дыялёг паміж уладамі і апазыцыяй быў бы на карысьць як дэмакратычнай апазыцыі, гэтак і самой уладзе, бо дыялёг – гэта заўжды лепш, чым канфрантацыя, - лічыць вядомы гісторык, экс-дэпутат Вярхоўнага Савету 12-ага скліканьня Валянцін Голубеў. На ягоную думку, сучасная Эўропа зацікаўленая бачыць Беларусь у складзе Эўразьвязу, аднак гэта адбудзецца толькі тады, калі улады пачнуць гуляць па эўрапейскіх правілах: захоўваць правы чалавека, свабоду слова і іншыя эўрапейскія каштоўнасьці. Тады і з боку Эўропы да Беларусі будзе адпаведнае стаўленьне.
“Лукашэнка не аднойчы выказваў жаданьне супрацоўнічаць з Эўропай, але гэта былі, на жаль, толькі словы. Эўразьвяз ужо зрабіў крок насустрач Беларусі, выступіўшы з 12 прапановамі, пасьля выкананьня якіх Эўропа гатова супрацоўнічаць з сёньняшнімі уладамі, але ж тыя дэманструць нежаданьне што-небудзь рабіць. Як і раней ідзе запалохваньне грамадзян напярэдадні Эўрапейскага Маршу. Замест таго, каб пагадзіцца з прапановай апазыцыі ды прайсьці гэтым Маршам разам, альбо нават проста не перашкаджаць, зноў арыштоўваюць прадстаўнікоў апазыцыі, але асабіста я ўсё роўна зьбіраюся ўзяць удзел у Маршы, бо інакш не магу.” – заявіў у інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97 Валянцін Голубеў.