Беларусі без рэформ пагражае эканамічны крах
5- 4.10.2007, 16:56
Пасля таго як Расея падвысіла цэны на энерганосьбіты, у Беларусі вялізнымі тэмпамі расце гандлёвы дэфіцыт і дзяржаўны доўг. У апошнія гады ў беларускай эканоміцы ўсё ішло як па масле: тэмпы яе росту перавышалі 9%, а прыбыткі насельніцтва павялічыліся нават удвая. Падсілкоўвалі гэтае развіццё пастаўкі танных энерганосьбітаў з Расеі. Але з пачатку года ўсё змянілася: Крэмль падвоіў цэны на энерганосьбіты і заявіў, што гэтае падвышэнне – не апошняе, піша аўстрыйская газета Die Presse.
Такое рашэнне не прайшло для эканомікі Беларусі бясследна: дэфіцыт гандлёвага балансу расце катастрафічнымі тэмпамі, а разам з ім – і дзяржаўны доўг. Бо цяпер краіна мае тэрміновую патрэбу ў грашах, улетку гэтага года ўрад звярнуўся ў міжнародныя агенцтвы з просьбай прысвоіць краіне рэйтынг крэдытаздольнасці. І вось пацяклі першыя крэдыты, якія павінны залатаць гіганцкую дзіру, якая ацэньваецца ў 4% ВУП у год. МВФ у сваім апошнім даследаванні прыводзіць такія лічбы: да 2012 года агульныя страты эканомікі складуць ад 10 да 15% ВУП.
Праблемы вынікаюць, найперш, з рэзкага падвышэння зарплат (летась на 20%, у гэтым годзе – больш як на 10%: для Аляксандра Лукашэнкі, на думку ЗША – "апошняга дыктатара Еўропы", прынцыпова важнае, каб людзям жылося ўсё лепш: для яго няма нічога страшней за масавыя пратэсты, якія дагэтуль яму атрымоўвалася душыць старымі савецкімі метадамі.
Цяпер, аднак, эканоміка ўсё больш губляе сваю канкурэнтаздольнасць, бо прадукцыйнасць не паспявае за падвышэннем зарплат. З 2000 года доля зарплаты ў адзінцы прадукцыі вырасла згодна з МВФ больш як у два разы. У гэтай сітуацыі падаражанне энерганосьбітаў фатальнае.
Менск настойвае на сваім курсе
У сваім аналізе МВФ пралічыў два магчымыя сцэнары будучыні для Беларусі. Першы абапіраецца на афіцыйную сярэднетэрміновую праграму менскіх улад.Згодна з ім рост інфляцыі падвоіцца яшчэ сёлета, знешні доўг падвоіцца і дасягне 34% ВУП, дзяржаўны бюджэт апынецца дэфіцытным. Самае позняе, да 2009 года гэта адаб'ецца на спажывецкім попыце, які цяпер яшчэ падтрымлівае кан'юнктуру: рост эканомікі зменіцца спадам, які спыніцца не раней за 2012 год. Да таго часу дзяржаўны доўг, які цяпер складае менш за 20% ВУП, перавысіць 100% ВУП.
Больш аптымістычным выглядае другі сцэнар, які зыходзіць з правядзення сістэмных рэформ. Пэўныя крокі: празмернае падвышэнне зарплат неабходна скараціць, рост цэнаў на энерганосьбіты цалкам перакласці на плечы спажыўцоў і прамысловасці – цяпер урад пакрывае іх падаражанне больш як напалову – і паменшыць умяшанне дзяржавы ў эканоміку.
Беларускія ўлады, гледзячы на гэтыя сцэнары, гавораць: "Усё няпраўда". Яны не бачаць праблем з канкурэнтаздольнасцю, не сумняваюцца ва ўстойлівым росце эканомікі, па меншай меры на 8%, не прыкмячаюць пытанняў, звязаных з інфляцыяй, і па-ранейшаму чакаюць прафіцыту гандлёвага балансу.
Улады робяць стаўку на тое, што з дапамогай міжнародных крэдытаў айчынная вытворчасць адужэе, а эфектыўнасць энергаспажывання падвысіцца. Апошняя страшна нізкая: выдатак энергіі на адзінку ВУП тут у шэсць раз вышэйшы, чым у ЕЗ.
Эксперты МВФ, насупраць, мяркуюць, што іх песімістычны сцэнар значна больш рэалістычны.