13 снежня 2025, Субота, 17:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Лябедзька: Выбары ва Украіне паказалі, што ад простых людзей шмат залежыць

Анатоль Лябедзька: Выбары ва Украіне паказалі, што ад простых людзей шмат залежыць

Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька каментуе прэс-цэнтру Хартыі’97 вынікі парламенцкіх выбараў ва Украіне, а таксама верагоднасць стварэння кааліцый вядучых палітычных сілаў у Вярхоўнай Радзе суседняй краіны.

Анатоль Уладзіміравіч, як Вы ацэньваеце парламенцкія выбары, якія адбыліся ва Украіне?

– Гледзячы з Беларусі, пазітыўна. Таму што адтуль прыйшла пазітыўная для нас энергетыка. Яна звужае магчымасці для беларускай прапаганды, аспрэчвае спекуляцыі пра тое, што нібыта няма сэнсу хадзіць на вуліцы, што нічога ад простых людзей не залежыць, што немагчыма праводзіць выбары, каб нармальна лічыліся галасы. Тое, што ва Украіне ў выбарчыя камісіі ўваходзяць прадстаўнікі розных палітычных партый, што там лічаць галасы, што там ёсць свабода слова і можна выказваць свае думкі з розных пазіцый – безумоўнае дасягненне, гэта пацвярджае, што стандарты АБСЕ па выбарах там працуюць. Нам да гэтага яшчэ ісці і ісці.

Вядома, што Вы запрасілі на Еўрапейскі Марш у Менск вядомых украінскіх палітыкаў. Якія палітычныя сілы ва Украіне вы лічыце праеўрапейскімі?

– Гэта, безумоўна, нашы партнёры блок «Наша Украіна–Народная самаабарона», Блок Юліі Цімашэнкі. Партыя рэгіёнаў вельмі розная, але там моцны прадпрымальніцкі складальнік – яны таксама глядзяць у Еўропу. Гэта неаднастайная структура, але ёсць частка бізнэсу, якая, вядома, арыентаваная на эканамічнае супрацоўніцтва з еўрапейскімі краінамі. Януковіч, безумоўна, таксама заяўляе пра гатоўнасць развіваць стасункі з Еўропай. Не гаварыць пра гэта, значыць, быць рэгіянальным палітыкам, а не нацыянальным.

Якім чынам у сённяшняй украінскай Радзе можа быць створаная кааліцыя? Пасля ўчорашняй заявы Юшчанкі стала незразумелым, хто з кім будзе аб'ядноўвацца…

– Гэтую заяву Юшчанка зрабіў як прэзідэнт, а як палітык, я думаю, ён павінен будзе рабіць стаўку на кааліцыю блока «Нашай Украіны» і БЮТ. Стварэнне кааліцыі і з БЮТ, і з Партыяй рэгіёнаў немагчымае.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках