Беларускія НПЗ балансуюць на мяжы стратнасці
- 9.10.2007, 9:41
Беларусь павялічыла памер дзяржаўнай субсідыі для расейскіх пастаўшчыкоў нафты. Адпаведны ўказ на днях падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Мэта гэтага кроку – забяспечыць сырцом беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы (НПЗ).
Дзеянне ўказу будзе распаўсюджвацца на пастаўкі, якія аформленыя пачынаючы з 1 жніўня 2007 года. Згодна з дакументам памер дзяржсубсідыі на кожную тону нафты, якая пастаўляецца ў краіну па чыгунцы, з 1 кастрычніка будзе складаць 93 даляры, па трубаправодзе – 80,5 даляраў. Па пастаўках жніўня і верасня – 83,3 і 72 даляраў адпаведна, піша «Независимая газета».
Нагадаем, што такая з'ява, як дзяржсубсідыя для пастаўшчыкоў расейскай нафты, з'явілася 1 лютага 2007 года. Гэта была рэакцыя беларускага ўрада на змяненне ўмоў пастаўкі нафты ў Беларусь з пачатку 2007 года, ініцыяванае Расеяй, якая рашыла перайсці на рынкавыя стасункі з нядаўней саюзніцай. Узнікла неабходнасць плаціць уваходную пошліну пры ўвозе нафты ў Беларусь, а таксама падвышаную да расейскага ўзроўню экспартную пошліну пры пастаўках за мяжу нафты і нафтапрадуктаў.
У выніку нафтаперапрацоўка на беларускіх НПЗ апынулася эканамічна невыгоднай для расейскіх давальцаў. У першым квартале 2007 года яны змушаныя былі самастойна закупляць сыравіну для перапрацоўкі, каб загрузіць заводы. Частка пакінула беларускі рынак. Калі з'явілася дзяржсубсідыя, давальцы сталі вяртацца. Аднак з ростам цаны на нафту павялічвалася і ўваходная пошліна.
Памер дзяржсубсідыі не кампенсаваў выдаткаў пастаўшчыкоў. Да цяперашняга падвышэння яна складала 90% ад памеру ўвазной пошліны. Апошняя ўяўляе сабою разліковую велічыню і прывязаная да стаўкі мытнай пошліны на нафту, экспартаванай з Расеі ў далёкае замежжа. Да 1 кастрычніка яна была роўная 65,6 даляраў за тону, адпаведна 59 даляраў з гэтай сумы кампенсаваў беларускі бюджэт.
Яшчэ адной праблемай для Беларусі стала нежаданне пастаўшчыкоў везці нафту па чыгунцы, бо там выдаткі былі вышэйшымі. Невыкананне запланаванага нафтавага балансу па выніках года (у ім 4 млн. тон з 21,5 тоны даводзілася на чыгуначныя пастаўкі) пагражала б Беларусі паніжэннем аб'ёму паставак у 2008 годзе. Каб гэтага не здарылася, беларускі ўрад прапанаваў больш высокую субсідыю пастаўшчыкам «чыгуначнай» нафты. Падпісаны ўказ усталёўвае, што па «чыгуначнай» нафце сума кампенсавання складзе 127% ад памеру ўвазной пошліны, а па «трубавай» – 110%.
«НГ» пісала пра планы беларускага ўрада падвысіць памер дзяржсубсідыі на стадыі распрацоўкі праекту ўказу. Нафтавікі два месяцы чакалі яго падпісання, бо і Мінфін, і адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі патрабавалі ад урада сур'ёзных абгрунтаванняў для выдзялення сродкаў з бюджэту. Паводле інфармацыі крыніц «НГ», беларускія НПЗ балансуюць на мяжы стратнасці.
З прычыны неабходнасці загружаць заводы Беларусь амаль спыніла экспарт уласнай сырой нафты (за сем месяцаў 2007 года 150 тыс. тон супраць 873 тыс. тон у 2006 годзе). Расейскія нафтавыя кампаніі паставілі ў Беларусь на 9% менш нафты, чым летась. Толькі чарговае падвышэнне дзяржсубсідыі здольнае ўтрымаць сітуацыю хаця б на цяперашнім узроўні, сцвярджаюць дзяржаўныя эксперты.