Лукашэнка кідае выклік 5 мільёнам грамадзян
13- 19.11.2007, 10:05
Тая безапеляцыйнасць, з якой кіроўны рэжым распраўляўся з сацыяльнымі ільготамі, вялікіх надзей на тое, што ён раздумаецца, не пакідала, лічыць лідэр прафсаюза РЭП Аляксандр Бухвостаў. Аднак 16 лістапада ўсе пераканаліся – Лукашэнка не верне ільготы.
Але ў гутарцы з людзьмі, для якіх дапамога дзяржавы – нібыта выратавальная саломінка, даводзілася чуць: «Лукашэнка мог і не ведаць пра катастрафічныя наступствы ўказу. Ведаеце, колькі ў яго клопатаў! А вось цяпер, калі прайшлі масавыя акцыі пратэсту, ён, напэўна, разбярэцца ва ўсім!»
Шчаслівы, хто верыць! Слабыя надзеі – а, па сутнасці, ілюзіі – падагравалі і гутаркі пра адрасную дапамогу. Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі з скуры лезлі, імкнучыся даказаць, што ўлада не абірае маламаёмасных, а, насупраць, пераадрасуе грашовыя сродкі, вызваленыя пасля адмены ільгот, на іх. Цынічны падман працягваўся нават тады, калі дэпутаты «палаты прадстаўнікоў» не без здзіўлення даведаліся, што ў бюджэт на падтрымку насельніцтва накіраваная траціна той сумы, якой вымяраліся ільготы. «Як жа так?!» – здзіўляліся некаторыя, не ў меру даверлівыя «народныя выбраннікі».
16 лістапада Аляксандр Лукашэнка адказаў ім: «Апошнім часам шмат сталі разважаць пра тое, што ільготы будуць у поўным аб'ёме кампенсаваныя адраснай сацыяльнай дапамогай. Гэтага не будзе!»
Думаю, цяпер нават тыя, хто верыў кіраўніку дзяржавы, як самому сабе (ёсць такая катэгорыя людзей!), зразумелі, з кім маюць справу.
Калі называць рэчы сваімі імёнамі, гэта – выклік. Выклік не толькі тым пяці мільёнам людзей, якіх дзяржава пазбаўляе сацыяльных гарантый і ільгот, проста кідаючы частку нашых суайчыннікаў на вырак лёсу. Гэта выклік усяму беларускаму народу.
Аляксандр Лукашэнка сам падказвае дэмакратычным партыям і прафсаюзам, што трэба рабіць. Аб'ядноўвацца і праводзіць масавыя акцыі пратэсту. Іншага шляху проста няма.
Артыкул апублікаваны ў газеце «Товарищ»