19 траўня 2024, Нядзеля, 10:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Героям Слуцкага паўстання прысвячаецца

2

87 гадоў таму на Случчыне і ваколіцах паўстала беларускае войска, якое змагалася за вольную і незалежную Беларусь. Дзеля ўшанавання памяці герояў актывісты дэмакратычных сілаў правялі шэраг мерапрыемстваў.

24 лістапада ў горадзе Старыя Дарогі на тэрыторыі музея Анатоля Белага адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака героям Слуцкага збройнага чыну. У імпрэзе ўдзельнічалі сябры Партыі БНФ, Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Моладзь БНФ, прыхільнікі Руху “За Свабоду”. Людзі прыехалі са Слуцка, Салігорска і Мінска.

Памятны знак уяўляе сабой пляскатую скульптуру з жалеза, пафарбаваную пад бронзу. У цэнтры кампазіцыі выява паўстанца, які бароніць сімвал Радзімы – герб Пагоню. Па словах аднаго з аўтараў помніка Анатоля Белага, ідэя ўвекавечыць подзвіг герояў Слуцкага збройнага чыну з’явілася ў яго яшчэ ў 1992 годзе. На адкрыцці памятнага знаку выступілі Франак Вячорка, Вячаслаў Сіўчык, Зміцер Санько. Помнік асвяціў святар Беларускай аўтакефальнай царквы айцец Леанід.

На наступны дзень, 25 лістапада ў Слуцку на мітынг пад нацыянальнай і партыйнай сімволікай сабраліся прадстаўнікі Руху “За Свабоду”, КХП БНФ, салігорскага “Маладога фронту” ды іншыя дэмакратычныя актывісты. Каля будынку, дзе калісьці адбылося паседжанне Слуцкай Часовай Рады БНР, яны ўзгадалі гераічныя старонкі гісторыі Случчыны і ўшанавалі памяць змагароў за свабоду.

Даведка:

14 лістапада 1920 года быў скліканы з'езд Случчыны, які пастанавіў распачаць збройнае змаганне за ўсталяванне ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі, абвешчанай у сакавіку 1918 года. Абраная на з’ездзе Рада пачала стварэнне вайсковых фармаванняў. У кароткі час было сабрана блізу 10 000 чалавек, сфармаваныя два палкі аб'яднаныя ў Слуцкую брыгаду, якую ўзначальваў Антон Сокал-Кутылоўскі.

27 лістапада пачаліся баі з Омскай дывізіяй. Беларускія ваяры змагаліся з бальшавікамі больш за месяц, пасля чаго былі змушаныя адысці за раку Лань, на польскі бок. Многія са змагароў вярнуліся пазней на радзіму, паверыўшы ў магчымасць адбудовы Беларускага гаспадарства пад бальшавікамі, але былі знішчаныя ў часе рэпрэсій.

Падзеі 1920 года ўвайшлі ў гісторыю пад назовам Слуцкі збройны чын, або Слуцкі збройны ўздым. Яны з'яўляюцца яскравым сведчаннем імкнення беларускага народа да незалежнасці, яго рашучасці ў змаганні за волю.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках