Валеры Ухналёў: «Уладам была патрэбная правакацыя»
- 5.11.2007, 10:02
У нядзелю, 4 лістапада ў Менску прайшоў Сацыяльны марш, арганізаваны беларускай апазыцыяй. Удзельнікі акцыі пратэставалі, у прыватнасьці, супраць сацыяльнай палітыкі дзяржавы, адмены льготаў і кантрактнай сыстэмы працаўладкаваньня.
Старшыня Арганізацыйнага камітэту Сацыяльнага маршу, дзеяч Партыі камуністаў Беларускай Валеры Ухналёў у интэрв’ю “Польскаму радыё” заявіл, што мерапрыемства ўдалося.
-- Мы падсумоўваем Сацыяльны марш як добрае мерапрыемства, і тое, чаго мы дабіваліся Сацыяльным маршам, мы дамагліся. Мы бачылі многа новых людзей, якія прыйшлі, і якія раней не хадзілі на мерыпрыемствы, што ладзяць аб’яднаныя дэмакратычныя сілы. Гэта для нас самае галоўнае. Нягледзячы на кепскае надвор’е, людзі прыйшлі, людзі прайшлі й выказаліся. Многія звычайныя людзі хацелі выступіць на тэму ліквідацыі сацыяльных ільгот і ўзроўню жыцьця.
Мы думаем, што акцыя прывяла ў нашы шэрагі новых людзей, а мы надалей будзем арганізоўваць Сацыяльныя маршы. Я спадзяюся, што дзякуючы такім акцыям мы прыцягнем грамадзян, якія раней баяліся й нічога не казалі.
-- А што Вы скажаце пра бойку? Падчас шэсьця ўзьнікнуў канфлікт паміж анархістамі й чальцамі ультраправай арганізацыі “Белая воля”.
-- Я думаю, што БТ пакажа менавіта гэты фрагмэнт. Маўляў, апазыцыя хоча, каб да іх далучаліся людзі, але як далучацца, калі ў іх шэрагах ёсьць такія “адмарозкі”. Мне здаецца, будзе сказана, што, маўляў, улады дазволілі мірны мітынг, а апазыцыя арганізавала бойку. Гэта будзе сказана спэцыяльна, каб падрыхтаваць людзей да таго, што дзяржава не забывае пра сваіх грамадзян. 6 лістапада Лукашэнка правядзе нараду, падчас якой будзе прадстаўлены ўказ аб частковым захаваньні льгот некаторым катэгорыям насельніцтва.
Гэта будзе пастаўлена так: з аднаго боку, “адмарозкі” з апазыцыі, якія ходзяць па вуліцах і б’юцца паміж сабою, а зь іншага – народная ўлада, якая дбае пра дабрабыт людзей. І Аляксандар Рыгоравіч у галоўнай ролі, якія думае, як палепшыць жыцьцё людзей і зьменшыць наступствы таго, што прыдумалі дэпутаты.
Вось такім чынам на супрацьпастаўленьні аднаго з другім будзе працаваць афіцыйная прапаганда. І таму ім была патрэбна правакацыя.
-- А як вы скамэнтуеце факт Вашага затрыманьня перада пачаткам акцыі, якая, нагадаю, была дазволенай уладамі?
-- Яны проста ведалі, што многія арганізацыйныя пытаньні праходзяць празь мяне як старшыню Арганізацыйнага камітэту. І таму яны думалі, што калі мяне затрымаюць і тры гадзіны будуць высьвятляць, хто я такі, - а яны маюць права тры гадзіны трымаць – дык узьнікнуць праблемы па арганізацыі самога маршу. Яны мяне трымалі да таго часу, калі ўбачылі, што людзі аднак зьбіраюцца, і марш адбудзецца. І калі калёна пачала рухацца, дык яны мяне адпусьцілі. Але як толькі я прыехаў на месца, яны зноў затрымалі. Праўда, у пастарунак ужо ня везьлі, але разьбіраліся на месцы.