9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шэнгенскія візы для беларусаў могуць быць таннейшымі

7 лістапада некалькі камітэтаў Бундэстага абмяркуюць праект аб паніжэнні кошту шэнгенскіх віз для беларусаў.

Як паведамілі ў бюро дэпутата Партыі зялёных Марылуізе Бек, праект, у прыватнасці, будзе разгледжаны ў камітэце па знешніх сувязях, камітэце па ўнутранай палітыцы, а таксама камітэце па правах чалавека. Дата абмеркавання праекту нямецкім парламентам пакуль невядомая.

Нагадаем, прапанову аб паніжэнні кошту віз для асобных катэгорый беларускіх грамадзян накіравала фракцыя "Саюз 90/Зялёныя" сумесна з фракцыяй Свабоднай дэмакратычнай партыі, а таксама фракцыі ўрадавых партый – Хрысціянска-дэмакратычнага саюза /Хрысціянска-сацыяльнага саюза і Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны.

Прапановы адрозніваюцца малаважна, таму бакі спадзяюцца знайсці агульныя фармулёўкі і прыняць дакумент пасля заключэння камітэтаў. Прынятае рашэнне Бундэстаг накіруе на разгляд урада.

Нямецкія парламентарыі прапанавалі ўраду Нямеччыны зрабіць візы для грамадзян Беларусі маладзейшым за 25 гадоў бясплатнымі, а таксама адмяніць візавы збор з тых, хто едзе ў Нямеччыну ў рамках культурных і навуковых абменаў. Акрамя таго, прапаноўваецца знізіць кошт віз для насельніцтва з нізкім узроўнем прыбыткаў з 60 да 35 еўра.

Нагадаем, кошт шэнгенскіх віз вырас 1 студзеня 2007 года ў сувязі з увядзеннем біяметрычных віз.

Нямеччына мае магчымасць у аднабаковым парадку і ў асобных выпадках зніжаць кошт віз. Паводле Шэнгенскай дамовы, усе краіны, якія ў яе ўваходзяць, спаганяюць візавы збор па адзіных правілах, якія прадугледжваюць некаторыя выключэнні.

Вельмі шмат ў развязанні гэтага пытання залежыць ад гатоўнасці беларускіх улад ісці на дэмакратычныя ператварэнні.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках