Футбольныя фанаты заплацяць за бойкі і выбухі
13:55, — Спорт
У верасні кантрольна-дысцыплінарны камітэт Еўрапейскага саюза футбольных асацыяцый аштрафаваў барысаўскі БАТЭ на восем тысяч швейцарскіх франкаў за паводзіны фанатаў, якія запалілі дымавыя шашкі падчас матчу 3-га кваліфікацыйнага раунду Лігі чэмпіёнаў у Бухарэсце супраць мясцовага клуба «Сцяуа».
Паводле інфармацыі начальніка Барысаўскага РУУС Анатоля Габруковіча, дзякуючы дапамозе румынскіх калегаў, якія падалі барысаўскім міліцыянтам відэаматэрыялы і кароткую інфармацыю аб затрыманні трох барысаўскіх балельшчыкаў у Бухарэсце, атрымалася ідэнтыфікаваць асобы падпальшчыкаў дымавых шашак, паведамляе «Электронный Борисов».
Па словах Габруковіча, гэта маладыя людзі, аднаму з іх не споўнілася яшчэ 18 гадоў. Як лічыць начальнік Барысаўскага РУУС, футбольны клуб БАТЭ, відавочна, прад'явіць ім матэрыяльныя прэтэнзіі ў судовым парадку, і ёсць усе падставы меркаваць, што штраф УЕФА, накладзены на клуб, будзе спагнаны з вінаватых. Гаворка ідзе пра суму, эквівалентную сямі тысячам даляраў ЗША.





