Партыя БНФ гатова правесці з'езд на Кастрычніцкай плошчы
2
13:25, — Палітыка
Партыя БНФ мае намер правесці свой з'езд на Кастрычніцкай плошчы Менска. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні партыі Віктар Івашкевіч. Паводле яго, з'езд запланаваны на 8–9 снежня гэтага года.
"Ён павінен прайсці сёлета, інакш, па законе аб палітычных партыях, будзе пастаўленае пытанне аб ліквідацыі БНФ за невыкананне свайго статуту. Кіраўніцтва партыі падало заяўкі на выдзяленне памяшкання ў ДК МАЗа і ў Палацы мастацтваў", – паведаміў В.Івашкевіч. Аднак, як сказаў палітык, 29 кастрычніка адмовілася даць памяшканне адміністрацыя Палаца мастацтваў, 6 лістапада – адміністрацыя ДК МАЗа.
"Таму 9 лістапада я як намеснік старшыні Партыі БНФ і сакратар управы БНФ падаю ў Менгарвыканкам заяву. У сувязі з тым, што Менгарвыканкам не можа знайсці памяшкання для справаздачна-выбарнага з'езду Партыі БНФ, у адпаведнасці з законам аб масавых мерапрыемствах Рэспублікі Беларусь я прашу даць дазвол на правядзенне з'езду на Кастрычніцкай плошчы Менска", – паведаміў В.Івашкевіч.
У заяўцы адзначаны час правядзення з'езду: 8 снежня – з 9 да 21 гадзіны, 9 снежня – з 9 да 18 гадзін. Планаваная колькасць удзельнікаў – да 1.000 чалавек. "Плошчу Бангалор не прапаноўваць. Раўнацэнная замена плошчы Кастрычніцкай – Палац Рэспублікі", – гаворыцца ў заяўцы.
"Уладзе не атрымаецца выпхнуць нас з Беларусі. Мы не паедзем ні ў Вільню, як у 1989 годзе, ні ў Чарнігаў, як гэта летась зрабіў Саюз левых партый. Мы правядзем свой з'езд у Менску. І калі ўлады захочуць супраць нас ужыць сілу, я думаю, прэзідэнцкія выбары будуць датэрміновымі – так, як гэта здарылася ў Грузіі", – заявіў В.Івашкевіч.





