13 снежня 2025, Субота, 16:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Мілінкевіч: «На кожнай сустрэчы ў ЗША я казаў пра пагрозу незалежнасці Беларусі»

4
Аляксандр Мілінкевіч: «На кожнай сустрэчы ў ЗША я казаў пра пагрозу незалежнасці Беларусі»

Сустрэча з прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам 6 снежня ў Вашынгтоне стала вянком візіту дэлегацыі беларускіх апазіцыйных палітыкаў у ЗША. "Замест запланаваных 40 хвілін сустрэча цягнулася гадзіну", – паведаміў адзін з яе ўдзельнікаў, лідэр ствараемага руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч.

У гутарцы ўдзельнічалі кіраўнікі апазіцыйных партый Анатоль Лябедзька (Аб'яднаная грамадзянская партыя), Сяргей Калякін, Анатоль Ляўковіч (Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя), а таксама кіраўнік аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павал Севярынец, адзін з лідэраў "Маладога фронту" Зміцер Хведарук і былая палітзняволеная Эніра Браніцкая. Прысутнічала таксама амбасадарка ЗША ў Беларусі Карэн Сцюарт. Пасля гутаркі прэзідэнт ЗША правёў для беларускіх палітыкаў экскурсію па сваім кабінеце.

"Сустрэча планавалася загадзя, але да канца гэта не было пацверджанае. Мы атрымалі пацверджанне толькі напярэдадні, за суткі", – прызнаўся Мілінкевіч у інтэрв'ю газеце «Белорусы и рынок». Паводле яго слоў, амерыканскі прэзідэнт – чалавек вельмі адкрыты і энергічны. "На экранах тэлевізараў ён зусім іншы", – удакладніў палітык.

Па словах А. Мілінкевіча, сустрэча з амерыканскім лідэрам была вельмі адкрытай, шчырай і грунтоўнай. У беларускага палітыка склалася ўражанне, што прэзідэнт ЗША даволі добра інфармаваны пра цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі. "Таму прасіў не засяроджвацца на аповедзе пра сённяшняе становішча, а сфармуляваць тое, чым Амерыка можа дапамагчы", – растлумачыў беларускі палітык. "Уявіце, што кожны з вас – прэзідэнт Злучаных Штатаў, і распавядзіце, што б вы маглі зрабіць для Беларусі", – перадаў Мілінкевіч словы амерыканскага прэзідэнта.

"Мы размаўлялі пра тое, што ў цяперашняй сітуацыі неабходна падтрымліваць СМІ. Прычым увесь іх спектр, у тым ліку і ствараемае тэлебачанне, а таксама газеты, Інтэрнэт, самвыд. Вельмі важна падтрымліваць праграмы салідарнасці з рэпрэсаванымі. Гэта ўжо даказала сваю эфектыўнасць. Неабходна працягнуць падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Былі абмеркаваныя таксама пытанні каардынацыі міжнароднай палітыкі ў дачыненні Беларусі і цяперашняга рэжыму ў краіне", – распавёў А. Мілінкевіч.

Паводле яго слоў, у гутарцы з беларускімі палітыкамі Дж. Буш падкрэсліў, што ЗША сталі вялікай краінай, паклаўшы ў аснову дзяржаўнага будаўніцтва маральныя і хрысціянскія прынцыпы, а таксама прынцыпы свабоды, дэмакратыі, справядлівасць. "І там, дзе яны парушаюцца, ЗША лічаць неабходным падтрымліваць людзей, якія жывуць у няволі, правы якіх абмяжоўваюцца. Я думаю, што Злучаныя Штаты выконваюць гэтую ролю", – сказаў А. Мілінкевіч.

Па словах беларускага палітыка, адразу пасля сустрэчы прыйшло паведамленне, што ў Менску прэзідэнты Беларусі і Расеі нібыта маюць намер падпісаць Канстытуцыйны акт «саюзнай дзяржавы». "На кожнай сустрэчы ў ЗША я паднімаў пытанне пра тое, што небяспека для незалежнасці Беларусі працягвае захоўвацца, што дэмакратычныя краіны, і найперш ЗША, абавязаныя выказаць сваё катэгарычнае непрыманне магчымаму "саюзніцкаму" рэферэндуму ў Беларусі, дзе рэферэндумы і выбары праходзяць недэмакратычна. ЗША і Вялікабрытанія пасля вываду ядзернай зброі з Беларусі маюць абавязальніцтвы па абароне незалежнасці нашай краіны. У свой час па гэтым пытанні быў падпісаны дакумент", – заявіў А. Мілінкевіч.

Ён таксама адзначыў, што паездка з'яўляецца падкрэсленым сумесным дзеяннем апазіцыі. "Мы нямала робім разам. І гэтая паездка таксама наш сумесны крок. Бо ў гэтых кантактах зацікаўленая Беларусь, якая павінна мець сур'ёзных партнёраў на міжнароднай арэне. І ЗША дэманструюць, што ставяцца да дэмакратычных сілаў як да прадстаўнікоў дэмакратычнай часткі беларускага грамадства. Таму мы разам. Інтарэсы нашай краіны патрабуюць гэтага", – сказаў А. Мілінкевіч.

Падчас паездак беларускія дэмакраты сустрэліся з дзяржсакратаром ЗША Кандалізай Райс, узялі ўдзел у слуханнях Кангрэса "Беларусь: ад дыктатуры да дэмакратыі", мелі стасункі з прадстаўнікамі амерыканскіх фондаў і беларускай дыяспары.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках