13 снежня 2025, Субота, 17:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бізнэс ідзе ў Супраціў

36
Бізнэс ідзе ў Супраціў

Сёння ў Менску прайшлі суды над арганізатарамі акцыі прадпрымальнікаў, якая адбылася ўчора ў цэнтры Менска.

Лідэраў ініцыятывы «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Віктара Гарбачова і Віктара Крываля прысудзілі да 15 сутак адміністрацыйнага арышту, Віктара Калея – да 10 сутак арышту. Цэнтральны суд Менска абвінаваціў іх у актыўным удзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Затрыманых напярэдадні акцыі прадпрымальнікаў Аляксандра Цацуру і Аляксандра Макаева арыштавалі на 10 і 7 сутак. Іх пазапраўна абвінавацілі ў здзяйсненні "дробнага хуліганства". Дэмакратычны актывіст Аляксей Кашкароў арыштаваны на 15 сутак арышту. Прысуды ўдзельнікам мітынгу выносілі суддзі Ясімовіч, Самасейка, Бычко, Козак.

12 снежня над лідэрам прадпрымальнікаў Макаевым адбудзецца яшчэ адзін суд – а 11 гадзіне ў Ленінскім судзе. За некалькі дзён да мітынгу яго затрымалі ў офісе Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў. З офіса былі канфіскаваныя ўлёткі да мітынгу, а супраць Макаева склалі пратакол за "дробнае хуліганства". У суд прадпрымальніка прывязуць прама з спецпрыёмніка.

Як заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 перад пачаткам судовага працэсу Аляксандр Макаеў, «прадпрымальнікі не павінны ісці на перамовы з уладамі, пакуль усе, хто ішоў у абарону іх правоў, знаходзяцца ў турме».

Нагадаем, што 1000 прадпрымальнікаў выйшлі ўчора на Кастрычніцкую плошчу Менска ў знак пратэсту супраць указаў Аляксандра Лукашэнкі, якія з новага года знішчаць іх бізнэс. Удзельнікі акцыі прынялі таксама рэзалюцыю, якую яны аднеслі ў Дом урада.

Да прадпрымальнікаў выйшаў старшыня парламенцкай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце, сувязі і прадпрымальніцтве Анатоль Паўловіч. Ён прапанаваў прадпрымальнікам сустрэцца ў самыя блізкія дні і абмеркаваць сітуацыю. Службовец таксама гарантаваў удзельнікам акцыі, што яны не будуць затрыманыя і змогуць удзельнічаць у гэтай сустрэчы. Аднак пасля заканчэння акцыі ўсе яе арганізатары былі затрыманыя.

«Старшыня камісіі «палаты прадстаўнікоў» Анатоль Паўловіч асабіста гарантаваў 10 снежня, што ніякіх рэпрэсій у дачыненні арганізатараў акцыі не будзе, а нашых людзей затрымалі, судзяць. Сёння ён заяўляе пра нейкія перамовы 19 снежня і пры гэтым аспрэчвае, што даваў нам гарантыі, хоць я сам асабіста яго пра гэта прасіў. Так аб чым і з кім нам размаўляць? Нас проста нахабна ашукваюць, таму наўрад ці можна чакаць пазітыўных вынікаў ад такіх сустрэч. Тым больш, што ў гэты дзень нашы людзі будуць сядзець па турмах», – заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандр Таўстыка.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках