3 траўня 2024, Пятніца, 6:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Саюз» Расеі і Беларусі: камні за пазухай

2

Візіт прэзідэнта Расеі ў Менск стаў падставай для здагадак аб стварэнні пасады кіраўніка «саюзнай дзяржавы», якую Уладзімір Пуцін мог бы заняць на будучы год. Аднак беларускія і літоўскія палітыкі перакананыя, што паднаготная візіту ў іншым. Да стварэння «саюзнай дзяржавы» і гэтым разам наўрад ці дойдзе, а вось захоп суседа праз фінансы магчымы, адзначаюць суразмоўцы латвійскага выдання DELFI.

На думку старшыні парламенцкай групы па сувязях з Беларуссю, сябра Сейма Вацлава Станкевіча, падчас гэтага візіту нічога ў корані новага на ніве стварэння агульнай дзяржавы не адбудзецца: «Усё-ткі гэта дзве розныя дзяржавы і цягам двух дзён падпісаць пагадненне немагчыма. Але тое, што ёсць міждзяржаўныя інстытуты – факт. І тое, што працэс па стварэнні адной дзяржавы хай вельмі павольна, але ўсё ж рухаецца наперад – гэта таксама відавочна».

У той самы час В.Станкевіч адзначыў DELFI, што «штучнае стварэнне «саюзнай дзяржавы» запраграмуе канфлікт у цэнтры Еўропы».

Як паведаміў дзяржсакратар «саюзнай дзяржавы» Павал Барадзін, Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка маюць намер абмеркаваць "чыста прагматычныя пытанні".

"Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, бюджэт на 2008 год, знешнюю палітыку, паліўна-энергетычны баланс, пытанні падрыхтоўкі Канстытуцыйнага акту", – сказаў ён.

Намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Беларусі, эканаміст Яраслаў Раманчук мяркуе, што такім чынам Расея спрабуе заваяваць свайго суседа праз фінансы.

«Думаю, што візіт найперш звязаны з пасоўваннем расейскіх банкаў на беларускую прастору, адкрыццём “Славнефтебанка” як расейскага “Внешторгбанка”, што азначае змяненне тактыкі Расеі па дачыненні да Беларусі. Бліцкрыг па захопе Беларусі праз канстытуцыйны акт не атрымаўся, відавочна, таму расейцы спрабуюць звязаць беларускія прадпрыемствы, фінансавую сістэму ва ўласныя фінансавыя патокі, каб зрабіць яе яшчэ больш залежнай», – гаворыць Я.Раманчук DELFI.

У дадзенай сітуацыі, на думку Раманчука, беларуская апазіцыя можа казаць людзям пра наступствы такой палітыкі: «Калі прымаць меры сёння, іх цана будзе адной, калі праз 3-4 гады свабоды для манеўраў будзе значна менш, і тады адаптацыя да новай расейскай палітыкі будзе больш балючай».

Напярэдадні візіту прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна ў Менск прадстаўнікі беларускай апазіцыі правялі акцыю пратэсту супраць магчымага падпісання Канстытуцыйнага акту «саюзнай дзяржавы». АМАПам быў збіты лідэр «Маладога фронту» Зміцер Хведарук і старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

ЗША асудзілі жорсткі разгон акцыі. Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Дзяржаўнага дэпартамента Злучаных Штатаў Шона Маккормака.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках