9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прыгоды і загадкі беларускай эканомікі ў 2007 годзе

Як беларуская эканоміка вытрымала сёлета шок ад скачка цэнаў на энэрганосьбіты? Карысная ці шкодная палітыка замежных запазычанасьцяў, якую сёлета пачаў праводзіць беларускі ўрад?

Якім быў вынік гонкі цэн і заробкаў? На пытаньні “Праскага акцэнту” і аглядальніка Юрыя Дракахруста на “Радыё Свабода” адказвае былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

Дракахруст: “Адна з галоўных эканамічных падзеяў года, які празь некалькі дзён адыдзе ў мінулае, адбылася напачатку гэтага году, а пачалася напрыканцы мінулага – нафтагазавая вайна. Справа тады дайшла да адключэньня на некалькі дзён паставак і транзыту нафты, у выніку краіна ўвайшла ў новы год са значна больш высокімі цэнамі на энэрганосьбіты. Тады не было недахопу ў алярмічных прагнозах, многія экспэрты казалі, што эканоміка ня вытрымае такога цэнавага шоку, што крыніца працьвітаньня апошніх гадоў, продаж нафтапрадуктаў, закрыецца, і знакаміты “беларускі цуд” у хуткім часе лясьнецца. Былі і аптымістычныя прагнозы, што цудадзейная “беларуская мадэль” ўсё вытрымае і ніякіх катастрофаў ня будзе.

Я прапаную адысьці ад ідэалягічных падыходаў і паспрабаваць ацаніць: якім жа быў вынік гэтага эканамічнага шоку, адказаць, чаму, за кошт чаго не адбылося прагназаванай катастрофы (калі яе не адбылося)?”

Багданкевіч: “Ну, я тады належаў да тых эканамістаў, якія не прагназавалі катастрофы, бо лічылі, што катастрофа ў нашай эканоміцы – гэта тая адміністрацыйна-камандная мадэль, якая ўсталяваная ў Беларусі.

Я ў свой час апублікаваў дадзеныя, што яшчэ да падвышэньня цэн у нас сукупны зьнешні доўг краіны павялічыўся ў 1,6 разы – з 5 мільярдаў даляраў да 6,9 мільярдаў. Унутраны доўг дзяржавы вырас на паўтара трыльёна, склаўшы 6,5% валавога ўнутранага прадукту.

Абвал, катастрофа закладзеная ў самой мадэлі, а падвышэньне цэн на энэрганосьбіты толькі патэнцыйна пагоршыла гэтую праблему, якая зьвязаная з мадэльлю гаспадараньня.

А ўлічваючы тое, што, як пісаў вядомы расейскі эканаміст Уладзімер Маў, наша эканоміка экзатычная, мы вырабляем тавары ў тых галінах, якія нізкарэнтабэльныя і нават стратныя. Таму ацэньваць яе паводле стандартных крытэрыяў, прынятых для рынкавай эканомікі, досыць складана. На паверхні ўсё яшчэ шоку няма”.

Дракахруст: “Калі сёлетнія тэндэнцыі ў галіне энэргазабесьпячэньня працягнуць далей, хаця б на год наперад – чаго трэба чакаць, да чаго гэтыя тэндэнцыі прывядуць?”

Багданкевіч: “Я магу паўтарыць тое, пра што я казаў раней. Я не чакаю абвалу нашай эканомікі ў наступным годзе. Абвал адбываецца, але ён не праяўляецца відавочна для ўсяго насельніцтва. У чым абвал? На 1 лістапада ў нас дэфіцыт гандлёвага балянсу – прынамсі 3 мільярды даляраў. Мы спажылі больш, чым вытварылі і прадалі на 3 мільярды даляраў болей. За кошт чаго? Прадалі на мільярд дзяржаўнай уласнасьці і зьелі, узялі крэдытаў больш, каб аплаціць гэтыя паступленьні, зараз ужо доўг перавысіць 10 мільярдаў даляраў, а на пачатак 2006 году ён быў 5 мільярдаў.

Зьнешне абвал ня будзе заўважальным і ў канцы наступнага году. Я думаю, што ў любым выпадку афіцыйны тэмп росту ВУП скароціцца і не перавысіць 6%, будуць зьніжацца заробкі ў рэальным вылічэньні. Але катастрофы, аб якой раней казаў Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка і журналісты, а не сур’ёзныя эканамісты, яе зьнешне ня будзе.

Але калі ўрад ня зробіць належных высноваў, то гэты абвал праявіцца недзе к 2011 году, калі цэны на энэрганосьбіты будуць агульнаэўрапейскія.

Сёлета для нас цана на тону сырой нафты была на 100 даляраў ніжэй, чым для Эўропы, на газ – у 2,5 разы ніжэй, чым для Прагі ці Варшавы. Такім шляхам гэта і балянсуецца. Але растуць даўгі. Трэба ж разумець, што калі рэальная эканоміка запазычылася ў банкаў на 50% больш, чым летась, а прадукту вытварыла толькі на 8% больш, то гэта гаворыць аб велізарным унутраным крызысе, які ў рэшце рэшт можа прывесьці да абвалу.

Я мяркую, што ў наступным годзе ня будзе нават вялікай дэвальвацыі нацыянальнай валюты, хаця невялікая будзе працягвацца, ужо зараз нацыянальная валюта падае разам з падаючым далярам і абясцэньваецца адносна эўра і расейскага рубля. Але адчувальны ў народзе абвал будзе пазьней”.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках