Андрэй Саннікаў: «Менавіта цяпер Беларусі неабходна рабіць выбар»
6- 3.12.2007, 14:14
«Вектар развіцця Расеі, які цяпер азначыўся, вядзе яе да вяртання ў таталітарны час. Перад Беларуссю ў сувязі з гэтым стаіць вострая праблема захавання незалежнасці, дзяржаўнасці. Менавіта цяпер неабходна рабіць свой выбар, а гэты выбар можа быць толькі еўрапейскім. Бо дамінаванне ў Расеі адзінай палітычнай сілы прывядзе да ўзмацнення ціску на Беларусь з мэтай яе падначалення расейскім інтарэсам», – заявіў міжнародны каардынатар Хартыі’97 Андрэй Саннікаў, каментуючы вынікі парламенцкіх выбараў у Расеі.
«Выбары ў расейскую Дзярждуму, натуральна, не былі свабоднымі. Была задзейнічаная палітычная сістэма, падобная на беларускую, якая выключае прысутнасць у СМІ альтэрнатыўных пунктаў гледжання. Мы ведаем, што цягам шматлікіх гадоў апазіцыя не мела доступу да масавых сродкаў інфармацыі, наадварот ішла кампанія прапаганды адной партыі, аднаго чалавека – Пуціна і “Единой России”. У выніку гэтых выбараў Расея апынулася без выбару. У думу патрапіла адна палітычная сіла, а апазіцыю ёй складаюць толькі камуністы. Гэта значыць, у Расеі насельніцтва пастаўленае перад выбарам паміж дрэнным і горшым. Безумоўна, гэта адаб'ецца на ўнутранай сітуацыі ў Расеі. Думаю, будуць працягвацца задушванне апошніх незалежных СМІ, няўрадавых арганізацый, палітычных партый, не згодных з курсам Пуціна», – лічыць Саннікаў.
На думку дыпламата, менавіта ў «Единой России» адраджаецца ідэалогія ўзнаўлення расейскай імперыі, а гэта непазбежна пацягне за сабою геаграфічную экспансію. «Ціск на краіны-суседзі Расеі ўзмоцніцца. Узмоцніцца эканамічны шантаж, а адсутнасць балансу, канфлікт з Захадам, пагоршыць гэтую сітуацыю», – лічыць Андрэй Саннікаў.