Беларусь адлюстраваная на новых еўраманетах
10:51, — Еўропа
Турэччына знікла з карты Еўропы, адлюстраванай на новых манетах еўра, што выклікала пратэсты некаторых дэпутатаў Еўрапарламента. Еўрапейская камісія прапанавала адлюстроўваць на новых серыях еўрапейскіх манет не толькі сябраў ЕЗ, але і краіны-суседзі. У тым ліку, вядома, што на новых еўраманетах адлюстраваная Беларусь.
Аднак ухвалены ўрадамі блока канчатковы дызайн выключыў з карцінкі Турэччыну, супраць далучэнні якой да Еўразвяза выступае, напрыклад, Францыя.
"Відавочна, Рада (сябраў ЕЗ) не сумняваецца ў тым, што новая карта Еўропы павінна ўключаць нараўне з Украінай і Малдовай дыктатуры, такія як Беларусь або аўтарытарныя краіны, як Расея... Аднак яна адмаўляецца ад дэмакратычнай Турэччыны, з якой ідуць перамовы аб уступленні", – гаворыцца ў заяве дэпутатаў Еўрапарламента Марка Каппата і Марка Паннелла.
Прэс-сакратарка Еўракамісіі пацвердзіла, што арыгінальны дызайн, які ўключае Турэччыну, быў зменены Радай.
Манеты з новым дызайнам карты эмітаваныя новым сябрам еўразоны – Славеніяй, якая далучылася сёлета. Той жа дызайн будзе на металічных еўра, якія выпусцяць у зварот Мальта і Кіпр, што ўступяць у еўрапейскі валютны саюз у студзені 2008 года.




