Затрыманых дэманстрантаў катуюць голадам і холадам
1
9:02, — Палітыка
12 студзеня праваабарончым і моладзевым арганізацыям атрымалася перадаць перадачы большасці з асуджаных удзельнікаў акцыі пратэсту, якая прайшла ў Менску 10 студзеня. Ужо а 10 гадзіне раніцы ля ўваходу ў турму з’явілася чарга з сваякоў і сяброў затрыманых.
Шмат для каго з прысутных шокам стала навіна пра тое, што можна перадаць толькі адзін швэдар, адну пару шкарпэтак і адны штаны на аднаго чалавека. Нельга перадаць курткі, спальныя мяшкі або коўдры. Пры гэтым тэмпература ў камерах спецпрыёмніка паводле сведчанняў "непалітычных" зняволеных, якія прыбіраюць смецце ў панадворку турмы, – каля 10 градусаў. Дзяжурныя міліцыянты адмовіліся перадаць большую колькасць цёплых рэчаў нават дзяўчатам, асуджаным на 15 – 20 сутак арышту, паведамляе сайт грамадзянскай кампаніі “Джынс – за Свабоду!”.
Па-ранейшаму ў турме не прымаюцца прадукты харчавання, а зняволеных не выводзяць на шпацыр, хоць апошняе прадугледжваецца "Пастановай МУС Рэспублікі Беларусь №194" ад 8 жніўня 2007 года.
У "Пастанове", падпісанай міністрам Уладзімірам Навумавым, у прыватнасці гаворыцца пра тое, што:
"адміністрацыйна затрыманыя маюць права на штодзённыя шпацыры, працягласцю не менш за 1 гадзіну" (раздзел 14),
"адміністрацыйна затрыманыя маюць права карыстацца ўласнымі пасцельнымі прыналежнасцямі" (раздзел 5),
камеры павінны быць абсталяваныя "сталом і ўслонамі з колькасцю пасадкавых месцаў па колькасці месцаў у камеры", "сеткавым радыёпрыёмнікам" (раздзел 5)
Ніводная з гэтых умоў "Пастановы" ў "Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў" (так афіцыйнаназываецца турма на Акрэсціна) не выконваецца.




