На правядзенне “Рок-каранацыі” дазволу яшчэ няма
8
15:34, — Культура
Арганізатары штогадовага музычнага фестывалю “Рок-каранацыя” мусілі атрымаць ва ўпраўленні культуры Менгарвыканкаму дазвол на правядзення мерапрыемства яшчэ ў панядзелак. Але і 22 студзеня адказу не было.
Аднак заснавальніка “Рок-каранацыі” Юрыя Цыбіна ўчорашні безвыніковы паход да чыноўнікаў выканкаму не пазбавіў упэўненасці ў станоўчым вырашэнні пытання. Кажа, пасля з’яўлення ў афіцыйнай прэсе інтэрв’ю з лідэрамі гуртоў “Крама” і N.R.M. Ігарам Варашкевічам і Лявонам Вольскім забарона выглядала б проста глупа.
Каб пацвердзіць аптымістычныя спадзяванні арганізатараў “Рок-каранацыі”, Еўрарадыё звярнулася па каментар ва ўпраўленне культуры Мінгарвыканкаму. Уладзіміра Анціповіча, які адказвае за выдачу ліцэнзій-дазволаў, чамусьці здзівіла жаданне журналістаў і аматараў рок-музыкі ведаць, ці атрымаюць арганізатары мерапрыемства дазвол на яго правядзенне. Ён адмовіўся адказваць на пытанне, спаслаўшыся на нейкія службовыя адносіны.
Аднак высветлілася, што інфармацыя гэта не з’яўляецца таемнай, і чыноўнік проста не хоча размаўляць з журналістамі. І чамусьці па ўсе каментары накіроўвае да арганізатараў “Рок-каранацыі”.
“Я не буду вам нічога казаць, таму, што гэта такая інфармацыя… Яна і не закрытая, і не адкрытая. Гэта проста службовыя адносіны нашы з арганізатарамі, і таму па ўсе каментары звяртайцеся да іх”, - кажа У.Анціповіч.
Раней заснавальнік “Рок-каранацыі” Юры Цыбін казаў, што арганізатары не бачаць сёлетняга канцэрту без забароненых гуртоў -- “Крамы”, “Нейра Дзюбеля”, N.R.M. і “Палаца”. Ёсць яны ў спісе выступоўцаў, які прыклалі арганізатары да заявы на атрыманне дазволу на канцэрт. Еўрарадыё запыталася ў чыноўніка, ці бачыў ён той спіс. Але слова “спіс” чамусьці выклікала асацыяцыі з “чорным” спісам забароненых гуртоў, і чыноўнік усхвалявана пачаў даказваць, што такога спісу не існуе ў прыродзе.
Калі ж ён нарэшце зразумеў, пра які спіс ішла гаворка, высветлілася, што і спісу запланаваных арганізатарамі “Рок-каранацыі” выступоўцаў ён таксама яшчэ не бачыў. Праўда, запэўніў, што не мае значэння, хто туды запісаны. Маўляў, у нас усе роўныя.
Арганізатары “Рок-каранацыі” таксама спадзяюцца на тое, што праблем не будзе. І чыноўнікі знойдуць, нарэшце, час, каб азнаёміцца з іх заяўкай і даць станоўчы адказ.




