«Атлянт-М» купляе «Юколу Мотарс» ды аўтацэнтры «Ford» і «Nissan»
2- 24.01.2008, 10:36
Міжнародны аўтамабільны холдынг (МАХ) «Атлант-М» купляе прадпрыемства «Юкола Мотарс» і размешчаныя на вуліцы Баравой у Мінску два аўтацэнтры «Ford» і «Nissan», што яму належаць.
Пра гэта БелаПАН паведаміў памочнік генеральнага дырэктара МАХ «Атлант-М» Ілья Прохараў.
Паводле яго слоў, у канцы 2007 года перамовы ўвайшлі ў практычную стадыю, а цяпер можна гаварыць аб тым, што здзелка знаходзіцца ў працэсе завяршэння.
Як зазначыў І.Прохараў, у сувязі з заключэннем гэтай здзелкі будзе адкрыты першы ў Беларусі аўтагорад «Атлант-М — Баравая». Ён размесціцца ў Мінску па адрасе: вуліца Баравая, 2 (раён развязкі вуліца Лагойскі тракт — Віцебская траса — Менская кальцавая аўтадарога).
Аўтагорад «Атлант-М — Баравая» пакуль складаецца з двух сучасных аўтацэнтраў, якія працуюць з маркамі «Ford» і «KIA» (замест «Nissan»). Абодва аўтацэнтры гатовы да прыёму першых наведвальнікаў.
Да 2011 года МАХ «Атлант-М» плануе пабудаваць на тэрыторыі аўтагорада яшчэ адзін аўтацэнтр, перамовы па адкрыцці якога вядуцца з некалькімі аўтавытворцамі.
Даведка. Міжнародны аўтахолдынг «Атлант-М» — найбуйнейшае ў СНД аб’яднанне кампаній, якія спецыялізуюцца на продажы, гарантыйным і сэрвісным абслугоўванні легкавых і камерцыйных аўтамабіляў, пастаўках запчастак. «Атлант-М» заснаваны ў 1991 годзе ў Беларусі, цяпер валодае сеткай больш чым з 30 сучасных аўтацэнтраў і спецыялізаваных сэрвісных прадпрыемстваў. Гэта адзіны холдынг, які працуе ў найбольш буйных гарадах адразу трох рынкаў СНД — Расіі, Беларусі і Украіны.