У Беларусі баяцца прадаваць кнігі Васіля Быкава
6
12:21, — Культура
Прэзентацыя збору твораў Васіля Быкава на расейскай і беларускай мовах стане цэнтральнай падзеяй першага дня працы расейскай экспазіцыі на Менскім міжнародным кніжным кірмашы.
Выпуск збору твораў Васіля Быкава на расейскай і беларускай мовах – сумесны праект Саюза беларускіх пісьменнікаў і расейскага выдавецтва «Время». На сёння выйшлі шэсць тамоў 14-томнага беларускамоўнага выдання. Рускамоўны васьмітомнік яшчэ рыхтуецца да друку.
Збор твораў на беларускай мове выдаецца тыражом усяго 3 тысячы асобнікаў.
Палова беларускамоўнага тыражу ўжо была перададзеная Саюзу беларускіх пісьменнікаў, які дорыць кнігі Васіля Быкава школам і бібліятэкам. Выдавецтву «Время» атрымалася рэалізаваць толькі невялікую частку тыражу.
– Гэта звязанае з тым, што беларускія аптовыя прадаўцы не занадта ахвотна бяруць на рэалізацыю творы Васіля Быкава. Яны нібыта адчуваюць нейкую ўтоеную пагрозу ў распаўсюджванні яго кніг, хоць ніякіх афіцыйных забароны не існуе, – зазначыў у інтэрв'ю «Завтра твоей страны» генеральны дырэктар расейскага выдавецтва «Время» Барыс Пастарнак.
Нягледзячы на невялікія продажы, выдавецтва «Время» лічыць праект удалым. «Тым даражэйшымі і тым больш запатрабаванымі апынуцца гэтыя кнігі праз некалькі гадоў, калі яны стануць рарытэтнымі», – упэўнены Пастарнак.
– Гэтыя зборы твораў робяцца ў адпаведнасці з пажаданнямі самога Васіля Уладзіміравіча. Ён пакінуў кароткія накіды, у якіх размеркаваў свае творы па тамах, – распавёў Барыс Пастарнак.
Абодва выдання пабудаваныя не па храналагічным прынцыпе, як гэта робіцца звычайна, а ў зваротнай паслядоўнасці.
– Васіль Быкаў уключыў у першы том творы апошніх гадоў, якія лічыў найбольш важнымі для сябе, – растлумачыў Барыс Пастарнак.
У першыя сем тамоў як рускамоўнага, так і беларускамоўнага збору твораў уваходзяць празаічныя творы Быкава. Восьмы том рускамоўнага выдання змяшчае публіцыстыку і інтэрв'ю пісьменніка. У беларускамоўны збор твораў уключаныя больш публіцыстычных твораў, а таксама перапіска і дзённікі, якія ў агульнай складанасці складаюць сем тамоў.
Прэзентацыя збору твораў Васіля Быкава адбудзецца 6 лютага а 14 гадзіне. У ёй возьмуць удзел удава пісьменніка Ірына Міхайлаўна, а таксама літаратары Уладзімір Някляеў, Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін, Сяргей Законнікаў, Алесь Пашкевіч і Міхась Тычына.




