Беларусы ў Кнізе рэкордаў Гінэса
- 29.01.2008, 14:25
Мастак Аляксандр Кішчанка патрапіў у Кнігу рэкордаў Гінэса ў 1989 годзе за вытканы ўручную на Барысаўскім камбінаце прыкладнага мастацтва «Габелен стагоддзя», а «дэпутат» Мікалай Чаргінец – "за разнапланавыя дасягненні ў галіне навукі і культуры, літаратуры і палітыкі".
Палатно Аляксандра Кішчанкі мае памеры 14 на 19 м. Плошча габелена — 266 кв. м, вага – 286 кг. На ім прайграныя падзеі ХХ стагоддзя і адлюстраваныя больш як 80 вядомых палітыкаў і дзеячаў культуры.
Разнапланавымі дасягненнямі Міколы Чаргінца: больш як 30 літаратурных твораў і сцэнараў, а таксама шматлікія ўзнагароды – 30 ордэнаў і медалёў СССР, Беларусі, Аўганістана і Польшчы, а таксама прэміі імя А.Фадзеева і В.Пікуля.
Паэт і кампазітар Мікалай Трацьякоў удастоіўся гонару патрапіць на старонкі Кнігі рэкордаў Гінэса за тое, што напісаў песні аб усіх раёнах Менска. А таксама правёў бесперапынны канцэрт у 15 гадзін..
Майстар міжнароднага класа па кікбоксінгу, чатырохразовы чэмпіён СССР і краін СНД, а яшчэ спявак Альберт Скараход апынуўся ў кнізе за выкананне песні "Перевернутый мир" у стойцы на галаве.
Канькабежац Ігар Жалязоўскі шэсць разоў станавіўся абсалютным чэмпіёнам свету па спрынтарскім шматбор'і. Праўда, у яго няма ніводнага алімпійскага золата.
Гімнаст Віталь Шчэрба заваяваў адразу шэсць залатых медалёў на адной Алімпіядзе (1992 год, Барселона).
Мноства рэкордаў ва ўздыме цяжкасцяў рознымі спосабамі за розныя прамежкі часу ў асілка Вячаслава Хараненкі. Вось толькі некаторыя вынікі.
– За 48 гадзін падняў кег з вадой вагай 40 кг 6160 раз. Рэкорд усталяваны 4 сакавіка 2005 года.
– За 36 гадзін падняў бочку з півам вагай 40 кг знізу-уверх на прамыя рукі 4221 раз. Рэкорд усталяваны 1 студзеня 2001 г. у г. Менску.
– Пад вадой, седзячы ў шпагаце, за 52 секунды падняў гіру 32 кг адной рукой 21 раз.
– За 1 хвіліну падняў штангу вагай 150 кг спосабам станавая цяга (нахілы) 45 разоў.
– За 10 хвілін, седзячы ў шпагаце, адной рукой выціснуў гіру вагай 32 кг 100 разоў.
– За 6 гадзін падняў бочку з півам вагай 62,5 кг знізу-уверх на прамыя рукі 925 разоў.
Адразу некалькі рэкордаў балансавання прапісаў у знакамітай кнізе магілёвец Аляксандр Бендзікаў. Свой першы рэкорд Бендзікаў утаропіў яшчэ ў 1994 годзе, паставіўшы на рабро 522 чучкі даміно. У 1995 годзе ён ажыццявіў яшчэ адну сваю задуму: на рабры манеты размясціў 880 манет. Праз два гады на піўзаводзе «Крынiца» ён зноў ставіць рэкорд, пабудаваўшы піраміду з 410 040 піўных вечкаў. Сваё апошняе дасягненне Бендзікаў прадставіў у 2003 годзе. Гэтым разам гэта былі 257 выкладзеныя слупком манеты на рабры манеты.
У Кнігу рэкордаў Гінэса быў занесены і беларускі цяжкаатлет Леанід Тараненка з сусветнымі рэкордамі ў штуршку – 266 кг і 475 кг у суме (1988 год. Канбера. Кубак суперцяжкавагавікоў).
Беларуска Алеся Гулевіч патрапіла ў Кнігу за тое, што 26 красавіка 2004 года ў цырку «Біг Эпл» бостанскага выставачнага цэнтра (ЗША) здолела адначасова ўтрымаць 99 хула–хупаў (па іншых звестках – 101). І не проста ўтрымаць, а, паводле правіл, тройчы пракруціць іх. Рэкардсменка — нашчадкавая артыстка. Яе бацька Фёдар Гулевіч — блазан, маці Надзея Гулевіч — паветраная гімнастка. Праўда, некаторы час таму сям'я з'ехала ў Амерыку. Але ў Кнізе рэкордаў Гінэса Алеся праходзіць яшчэ пад беларускім сцягам.
Упершыню Кніга рэкордаў Гінэса была апублікаваная ў 1955 годзе, і названая ў гонар ірландскай піваварнай кампаніі "Гінэс". Менавіта кіраўніку "Гінэса", сэру Х'ю Біверу, прыйшла ў галаву думка апублікаваць такую кнігу для заўсёднікаў пабаў з іх вечнымі спрэчкамі па пошуку адказаў на пытанні віктарын.
Да сёння Кніга Гінэса выдаецца больш як у 100 краінах свету і перакладзеная больш як на 23 мовы. Кніга стала самым шматтыражным выданнем з абароненым аўтарскім правам. Па тыражах яе абышлі толькі Каран і Біблія.
