8 траўня 2024, Серада, 8:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія журналісты выступілі ў Палаце лордаў. Лорд Бэл не прыйшоў

6

8 кастрычніка ў Палаце лордаў брытанскага парламента адбыўся форум «Цэнзура, дзяржаўныя абмежаванні і дэмакратыя ў Беларусі».

Удзел у мерапрыемстве ўзялі старшыня падкамітэту па СМІ Рады Еўропы лорд Эндру Макінтош, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, галоўны рэдактар газеты «Новы час» Аляксей Кароль, яшчэ некалькі прадстаўнікоў БАЖ, а таксама супрацоўнікі шэрагу міжнародных арганізацый, якія займаюцца праблемамі свабоды слова – Міжнароднай федэрацыі журналістаў, Нацыянальнага саюзу журналістаў Вялікабрытаніі і Ірландыі, Exiled Journalists Network, MediaWise Trust, Article 19 і іншых, паведамляе прэс-служба БАЖ.

«Калі Беларусь хоча вярнуцца ў еўрапейскія структуры і нармалізаваць стасункі з Еўрапейскай супольнасцю, яна павінная рабіць значна больш, чым робіць сёння», — зазначыў лорд Макінтош, адкрываючы сустрэчу. Макінтош запэўніў, што Рада Еўропы не збіраецца пакідаць па-за ўвагаю праблемы беларускіх СМІ і высока ацаніў дапамогу БАЖ у справе маніторынгу сітуацыі з прэсай у Беларусі.

Жанна Літвіна выказала меркаванне, што адным з эфектыўных механізмаў падтрымкі беларускіх журналістаў еўраструктурамі магла б стаць праграма маніторынгу правапрымянення новага закона «Аб СМІ» пасля ўступлення яго ў сілу ў лютым 2009 года. Яна падзякавала Э. Макінтошу за яго падтрымку ідэі стварэння Еўрапейскай Рады па маніторынгу сітуацыі са СМІ ў Беларусі. «Беларускія ўлада павінныя адчуць прынцыповую пазіцыю: умова супрацоўніцтва Еўропы ў Беларуссю – свабода слова, дэманапалізацыя СМІ, пашырэнне сферы публічнасці. Пакуль што ў Беларусі нічога не змянілася. І не зменіцца, пакуль не будзе пераменаў у медыясферы», — рэзюмавала старшыня БАЖ.

Галоўны рэдактар газеты «Новы час» Аляксей Кароль лічыць, што, нягледзячы на складаныя для выжывання незалежнай прэсы ўмовы яна аказвае даволі моцны ўплыў на свядомасць грамадзян і менавіта таму часта робіцца аб’ектам рэпрэсій.

Сп. Кароль рэзка скрытыкаваў працу лорда Бэла па стварэнні «станоўчага іміджу» Беларусі, звінаваціўшы яго ў скажэнні фактаў. «У адным з прэс-рэлізаў, распаўсюджаных нядаўна для замежных журналістаў, гаварылася, што ў 2006 годзе было зафіксавана 102 выпадкі пераследу назалежных журналістаў і ўсяго 1 – у 2008 годзе. Гэта хлусня», — падкрэсліў ён.

А. Кароль лічыць неабходным наладзіць больш актыўны абмен інфармацыяй паміж беларускімі журналістамі і еўрапейскімі структурамі – каб у беларускіх СМІ больш эксклюзіўнай інфармацыі ад міжнародных арганізацый, а ў еўрапейскай прэсе з’яўлялася больш матэрыялаў пра становішча з правамі чалавека ў нашай краіне. «Вашае меркаванне ўлады чуюць і ўспрымаюць. Можна сказаць, для нас зараз вельмі актуальны "антылорд Бэл", — зазначыў рэдактар "Новага Часу".

Недахоп інфармацыі пра Беларусь ў замежных СМІ канстатавалі і супрацоўнікі міжнародных арганізацый. У прыватнасці, прадстаўнік Міжнароднай федэрацыі журналістаў Марк Грубер днямі правёў маніторынг публікацый пра Беларусь і заўважыў, што публікацый на спартовую тэматыку (у прыватнасці, пра будучы матч Беларусь – Англія, запланаваны на 15 кастрычніка) было амаль у 10 разоў больш, чым пра парламенцкія выбары. Арганізатары сустрэчы плануюць звярнуцца да брытанскіх журналістаў, якія паедуць асвятляць згаданы матч, з просьбай скарыстаць сваю паездку і для вывучэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, а таксама падтрыхтаваць адпаведныя матэрыялы для сваіх выданняў.

"Натуральна, ніводная арганізацыя не можа сказаць журналісту, што яму трэба рабіць, а што – не", — зазначыў у гутарцы з прэс-службай БАЖ Марк Грубер. Але мы спадзяемся, што журналісты самі мусяць зразумець, што, акрамя як распавесці пра футбольную гульню, можна зрабіць нешта яшчэ. Гэта тое, што рабілі журналісты падчас Алімпійскіх гульняў у Пекіне».

Пасля заканчэння сустрэчы Эндру Макінтош на просьбу прэс-службы БАЖ акрэсліў сёняшняе стаўленнне Рады Еўропы да сітуацыя з медыямі ў Беларусі: «Мы вельмі занепакоеныя праблемай свабоды ў Беларусі. Для нас надзвычай важныя былі выбары, што адбыліся нядаўна ў вашай краі­не, і таму мы былі моцна расчараваныя, калі Радзе Еўропы не дазволілі накіраваць туды сваіх маніторцаў.

Цэнтральны элемент Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека – гэта свабодныя выбары і дэмкаратыя. Наш інтарэс да свабоды СМІ натуральна выцякае з таго, што дэмакратыі без свабодных СМІ не бывае. Выбары не маюць сэнсу, калі ў людзей няма магчымасці прыняць усвядомленае рашэнне, якое базуецца на атрыманай інфармацыі. Гэта якраз тое, што адбылося падчас апошніх выбараў у Беларусі», — зазначыў лорд Макінтош.

У сустрэчы 8 кастрычніка бралі ўдзел былы амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі Брайн Бэнэт, Вера Рыч, беларуская журналістка Вольга Бірукова, якая нядаўна папрасіла палітычнага прытулку ў Вялікабрытаніі і цяпер чакае рашэння брытанскіх уладаў. Запрашэнне да ўдзелу у форуме дасылалася таксама лоду Бэлу, аднак ён на сустрэчы не прысутнічаў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках