14 траўня 2024, aўторак, 3:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У «Беларуськалія», МАЗа і БМЗ пачаліся праблемы

9
У «Беларуськалія», МАЗа і БМЗ пачаліся праблемы

Буйныя беларускія прадпрыемствы-экспарцёры маюць цяжкасці з-за фінансавага крызісу. Працоўныя асцерагаюцца вымушанага адпачынку і затрымак заробкаў.

Сярод такіх прадпрыемстваў -- «Беларуськалій», Менскі трактарны завод, Менскі аўтазавод і Беларускі металургічны завод.

Начальнік упраўлення продажам грузавой тэхнікі МАЗа Сяргей Захарэвіч пацвердзіў «Еўрарадыё», што цяжкасці з продажам машын за мяжу ў прадпрыемства сапраўды ёсць. У тым, што існуюць праблемы з продажам прадукцыі за мяжу, прызнаўся і адказны супрацоўнік адміністрацыі прадпрыемства «Беларуськалій». І ўдакладніў, што сапраўдны крызіс беларускія прадпрыемствы-экспарцёры чакае наперадзе.

«Пакуль яшчэ толькі рэцэсія. Эканамічны крызіс наперадзе. Ва ўсіх экспарцёраў цяпер ёсць цяжкасці – усе экспарцёры падчас рэцэсіі не могуць не пацярпець. Іншага быць не можа. Церпім і мы», - паведаміў супрацоўнік адміністрацыі «Беларуськалія».

Па ягоных словах, без фінансавых страт у выніку спаду вытворчасці прадпрыемства не абыйдзецца.

Намеснік генеральнага дырэктара па эканамічных пытаннях МТЗ Васіль Андрэевіч быў у сваіх адзнаках сітуацыі на прадпрыемстве больш катэгарычным.

«Ніякіх крызісаў мы ведаць не ведаем – мы працуем у звычайным рэжыме», - заявіў Васіль Андрэевіч.

Але, як заўважыў адзін з працаўнікоў МТЗ, калі праца і ідзе ў звычайным рэжыме, то продаж гатовай прадукцыі за гэтым рэжымам не паспявае.

«На складах трактара застойваюцца, асаблівага продажу цяпер няма. Расейскі рынак у сувязі з гэтым крызісам пачынае прыкрываць гандаль з намі. Раней, бывала, таксама трактары стаялі, але за апошнія некалькі гадоў не было такога, каб столькі», - паведаміў працаўнік МТЗ.

Па ягоных словах, аб магчымым вымушаным адпачынку на прадпрыемстве пакуль гаворка не ідзе, а вось аб тым, што заробак могуць затрымаць – размовы ідуць.

«Пакуль затрымак з выплатай заробку не было, але ходзяць размовы, што такія затрымкі могуць быць», - пацвердзіў працоўны завода.

А ў «Нафтане» і зусім паведамілі, што ім з наступленнем крызісу нібыта нават лягчэй працаваць стала.

«З аднаго боку, крызіс – гэта цяжкасці, а з іншага – наадварот. Таму што танней нафта стала. Менш рэсурсаў на яе набыццё трэба. Мы жа акрэдытуемся пад нафту, і нам гэтае акрэдытаванне стала лягчэй», - сказалі ў «Нафтане».

Праўда, на заробку супрацоўнікаў прадпрыемства гэта чамусьці ніяк не адбілася.

А вось на Металургічным заводзе, па словах намесніка генеральнага дырэктара Надзеі Гаркушы, сусветнага крызісу чакалі. З ім ваююць пры дапамозе эканоміі.

«Кіраўніцтва заводу і цэхі прымаюць вызначаныя меры, каб сабекошт прадукцыі быў меншы, эканомім. Але мы заўсёды гэтым займаліся. Іншых крокаў мы сёння не прымаем, акрамя тых, якія неабходныя для таго, каб калектыў не адчуў на сабе сітуацыю, што склалася ў свеце. Пакуль мы трымаемся. Сапраўды – у нас прагназавалі, што такое можа здарыцца», - сказала Надзея Гаркуша.

Праўда, яна прызнала, што складанасці з продажам прадукцыі ў прадпрыемства паўсталі.

Хто праспаў крызіс?

Праблемы са збытам на знешніх рынках прадукцыі Менскага трактарнага заводу, «Беларуськалія», «БелАЗа», «Гродна-Азота» і іншых беларускіх экспарцёраў сталі хваляваць беларускае кіраўніцтва толькі цяпер, калі прадпрыемствы прыняліся скарачаць працоўныя дні і працоўных. Па адзнацы экспертаў «Заўтра тваёй краіны», калі б беларускія ўлады звярнулі ўвагу на гэтую тэндэнцыю, калі яна пад уздзеяннем сусветнага фінансавага крызісу толькі пачала выяўляцца, шматлікіх негатыўных з'ваяў атрымалася бы пазбегнуць.

Ва ўсякім разе, ужо ў ліпені па шэрагу ключавых экспартных пазіцый у машынабудаванні і сельскай гаспадарцы адбылося досыць істотнае падзенне аб'ёмаў валютнай выручкі з-за паніжэння пакупальніцкай здольнасці на галоўных рынках збыту.

У Менскага трактарнага завода, напрыклад, яшчэ ў чэрвені 2008 года экспарт склаў 148,1 млн даляраў, а ў ліпені ягоны аб'ем зваліўся да 139,1 млн. даляраў. У жніўні, які стаў апошнім перадкрызісным месяцам для сусветнай эканомікі, экспарт ізноў знізіўся -- да 130 млн даляраў.

Аналагічным чынам у ліпені-жніўні падалі продажы па іншых важных беларускіх экспартных пазіцыях. Пастаўкі грузавых аўтамабіляў у чэрвені складалі 103,4 млн даляраў, у ліпені – 99,8 млн даляраў, а ў жніўні – 91,4 млн даляраў. Яшчэ больш істотнае падзенне адбылося па экспарце сельскагаспадарчай тэхнікі. У чэрвені яе было адгружана на суму 20,5 млн даляраў, у ліпені – ужо на 14,6 млн, а ў жніўні—практычна ў два разы менш, чым у папярэднім месяцы – усяго на 8,1 млн. даляраў. Істотна паменшыліся яшчэ ўлетку экспартныя адгрузкі беларускіх рухавікоў: з 21,4 млн даляраў (у чэрвені) да 13,7 млн даляраў (у жніўні). Паменшыліся таксама пастаўкі важных у экспартным плане казяіна (з 17,5 млн да 10,3 млн даляраў) і ялавічыны (з 10,2 млн да 7,8 млн даляраў).

Па меркаванні экспертаў «Заўтра тваёй краіны», гэтая тэндэнцыя павінная была сур'ёзна насцярожыць урад. Аднак ён паблажліва паставіўся да нарастаючай небяспекі. І замест таго, каб паспрабаваць аптымізаваць вытворчыя працэсы і адкарэктаваць планы, прадпрыемствы працягвалі па інэрцыі нарошчваць аб'ёмы прамысловай вытворчасці для выканання гадавых заданняў.

Як паказвае статыстыка за кастрычнік (і, па прагнозах экспертаў, яшчэ больш пакажуць найблізкія месяцы), гэты пралік на глебе шапказакідальніцкіх настрояў, якія прысутнічаюць дагэтуль, можа дарагога каштаваць беларускай эканоміцы. Растучыя складскія запасы, замарожаныя ў іх абаротныя сродкі з крэдытамі, атрыманымі пад энергарэсурсы і матэрыялы – гэта толькі прадвеснік вялікіх эканамічных і сацыяльных узрушэнняў у краіне.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках